Аляксандру Кардзюкову пералічаць тэрмін адбыцця пакарання
У Берасцейскім абласным судзе 1 ліпеня суддзя Святлана Крамянеўская разгледзела пытанні, звязаныя з прывядзеннем у выкананне прысуду ў дачыненні да асуджанага да 10 гадоў пазбаўлення волі Аляксандра Кардзюкова. Суддзя пастанавіла зняць арышт, накладзены на маёмасць асуджанага (тэлевізар, кампрэсар, тэлефон, аўтамабіль), паколькі судовыя выдаткі ў памеры 2 642 рублі 8 капеек пагашаны, паведаміў «Берасцейскай Газеце» праваабаронца Раман Кісляк, які прысутнічаў на паседжанні. Акрамя таго, Кардзюкову пералічаць тэрмін адбыцця пакарання.
Аляксандр Кардзюкоў знаходзіўся пад вартай з 15 жніўня 2020 года па 13 мая 2021 года ўключна. 7 траўня 2021 года беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Кардзюкоў – сябар смяротна параненага 11 жніўня мінулага года падчас акцый пратэсту ў Берасці Генадзя Шутава.