Аляксей Бягун : Беларусь чакае сігналу ад Еўракамісіі



Беларусь завяршыла ўсе працэдурныя пытанні, звязаныя з падпісаннем пагадненняў з ЕЗ аб аблягчэнні візавых фармальнасцей і рэадмісіі, паведаміў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун у праграме „Не для пратакола”, якая выйшла 17 снежня ў эфіры беларускай рэдакцыі радыё Sputnik аднайменнага расійскага міжнароднага агенцтва. Відэазапіс праграмы апублікаваны на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

„Зараз мы чакаем адпаведнага сігналу з боку Еўрапейскай камісіі для таго, каб фізічна і юрыдычна падпісаць адпаведныя дамовы, правесці ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па ратыфікацыі абодвух пагадненняў, абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі”, — сказаў міліцэйскі чыноўнік.

Паводле яго слоў, ёсць „настойлівая перакананасць” у тым, што ў 2020 годзе абодва пагадненні ўвойдуць у сілу і для Беларусі, і для краін Еўрасаюза. Бягун нагадаў, што адным з асноўных пунктаў пагаднення аб аблягчэнні візавага рэжыму з`яўляецца змяншэнне кошту шэнгенскіх віз да 35 еўра.

„Перыяд знаходжання застаецца ранейшым, але згодна з новым пагадненнем павялічваецца колькасць катэгорый грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія змогуць атрымліваць доўгатэрміновую шэнгенскую візу — тэрмінам дзеяння ад двух да пяці гадоў”, — дадаў прадстаўнік МУС.

18 лістапада ў Афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза было апублікаванае рашэнне Савета ЕС аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, прынятае 14 кастрычніка. Аналагічнае рашэнне па пагадненні аб рэадмісіі, якое павінна быць падпісанае адначасова з візавым пагадненнем, пакуль не прынятае.

Пра тое, што пагадненне аб рэадмісіі з Беларуссю можа быць падпісанае Еўрасаюзам найбліжэйшым часам, паведаміла 17 снежня журналістам кіраўнік аддзела палітыкі, эканомікі, прэсы і інфармацыі прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Эвеліна Шульц. Паводле яе слоў, „пагадненне аб рэадмісіі знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі да падпісання”. „Наступны год можа стаць знакавым з пункта гледжання імплементацыі пагадненняў з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі”, — заявіла Шульц. Яна адзначыла, што іх падрыхтоўка да падпісання знаходзіцца на заключным этапе.

„Пасля падпісання абодвух пагадненняў Еўрапейскі парламент павінен даць згоду на іх заключэнне, а затым Савет Еўрапейскага саюза павінен прыняць рашэнні аб іх заключэнні”, — растлумачылі раней БелаПАН у прадстаўніцтве ЕС працэдуру заключэння пагадненняў з Беларуссю.

Перамовы аб заключэнні дамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі ЕС і Беларусь вядуць з 2014 года.

12 ліпеня гэтага года Афіцыйны часопіс ЕС апублікаваў рашэнне Савета Еўрасаюза аб унясенні змен у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Прымяняць новы візавы збор пачнуць 2 лютага 2020 года.

Калі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе падпісанае пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, то консульскі збор для беларускіх грамадзян складзе 35 еўра.

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў падпісанне Беларуссю з ЕС пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі 20 верасня.

belapan.by

Фота: БелТА