Аляксей Дзікавіцкі: Істотна, што расейцы могуць бачыць праўду пра вайну



Госць Радыё Рацыя – Аляксей Дзікавіцкі – намеснік дырэктара тэлеканала “Белсат”.

РР: Расейскія медыя – гэта яшчэ медыя ці складнік Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі?

Аляксей Дзікавіцкі: Гэта даўно ўжо так. Расейскія дзяржаўныя медыя заўсёды былі часткай афіцыйнай прапаганды. І Крэмль ніколі не шкадаваў грошай на гэтыя СМІ. Расейскія афіцыйныя тэлеканалы займаюцца прапагандай, забаўляльнымі праграмамі на вельмі высокім роўні. Цяпер, калі пачалася вайна, дзяржаўныя тэлеканалы цалкам на службе вайсковай прапаганды.

РР: Акрамя дзяржаўных, ці засталіся там іншыя медыя?

Аляксей Дзікавіцкі: На жаль, ужо не. Апошні бастыён, які быў, – гэта тэлеканал “Дождь”. Ён меў даволі вялікую аўдыторыю ў Расеі. “Дождь” дазваляў сабе і крытыку, і гасцей, якіх не запрашалі дзяржаўныя СМІ. Але няма ўжо “Даждя”, няма Радыё “Эхо Москвы”. У Расеі застаецца пакуль магчымасць глядзець трансляцыі на Ютубе. Але расейскія афіцыйныя асобы ўжо неаднаразова пагражалі, што заблакуюць і Ютуб у Расеі. Нагадаю, што заблакаваны ўжо Твітар і Фэйсбук. Тыя расейцы, хто хоча, пакуль могуць паглядзець на Ютубе перадачы іншых незалежных тэлеканалаў і даведацца праўду пра тое, што адбываецца на вайне. І адгаворкі, кшталту, мы не ведаем, няма інфармацыі, мне падаюцца крыху наіўнымі. Проста той, хто кажа так, не хоча знайсці гэтую інфармацыю.

РР: З пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны змянілася сетка вяшчання тэлеканала “Белсат”. Расейскай мовы таксама стала больш. У чым прычына?

Аляксей Дзікавіцкі: Гэта было прадуманае рашэнне. Таму што трэба разумець, што “Белсат” да вайны вяшчаў у сярэднім дзве з паловай гадзіны ў жывым эфіры, а пасля таго, як пачалася вайна,  мы пачалі вяшчаць па 16 гадзін у дзень. У нас ужо некалькі гадоў ёсць кароткая рускамоўная праграма для гледача постсавецкай прасторы. А ў сітуацыі, калі пачалася вайна, калі расейцы закрылі ўсё незалежнае вяшчанне, мы вырашылі, што гэта было б правільна, каб адзін з вядоўцаў гаварыў менавіта ў інфармацыйным эфіры – я падкрэсліваю, па-беларуску, а другі – па-расейску. Прычым, важна тое, што па-расейску гавораць у нас пераважна расейцы. Адна справа, калі расейцам гавораць не іх землякі на рускай мове пра тыя зверствы, якія іхная краіны чыніць ва Украіне, а іншая справа, калі гэта робяць расейцы, якія разумеюць, што адбываецца і знаходзяцца па іншым баку. І гэтае рашэнне, у прынцыпе, было правільным. І гэтае рашэнне выключна на час вайны. “Белсат” быў, ёсць і будзе беларускамоўным каналам. Аказалася, што на нашых Ютуб-каналах, а ў нас ужо больш за мільён дзвесце падпісчыкаў на двух галоўных нашых каналах, каля 40% праглядаў – гэта прагляды з Расеі. Мы лічым істотным, што вялікая колькасць расейцаў бачаць праўду пра вайну, якую развязала іхная краіна.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя