Аляксей Харкевіч: Улады Беларусі наўрад ці пойдуць на падпісанне пагадненняў
Рэдактар гомельскага партала дзелавых навінаў rynak.by Аляксей Харкевіч мяркуе, што ўлады Беларусі наўрад ці пойдуць на падпісанне пагадненняў, якія рэальна абмяжуюць суверэнітэт.
Паводле эксперта, сума недаатрыманых прыбыткаў ад «падатковага манеўра» РФ, які б’е па экспарце нафтапрадуктаў з Беларусі, не настолькі значная для беларускага бюджэту, каб ставіць на кон незалежнасць дзяржавы:
– Сітуацыя такая, што можна толькі спрабаваць здагадвацца, у якім ключы будуць складзеныя гэтыя дарожныя карты. Але, сыходзячы з таго, што Беларусь пастаўленая перад выбарам – губляць 6% ад бюджэту або неяк рухацца ў бок інтэграцыі з Расеяй – то, мне падаецца, што кошт 6% бюджэту – гэта далёка не тое, каб усур’ёз разглядаць магчымасць згубы суверэнітэту.
8 снежня, у 20-ую гадавіну з моманту падпісання Дамовы «Аб саюзнай дзяржаве», кіраўнікі Беларусі і Расеі маюць падпісаць пакет пагадненняў аб інтэграцыі. На гэты момант змест дакументаў, падрыхтаваных да падпісання, застаецца невядомым.
Беларускае Радыё Рацыя