Аляксей Навальны атрымаў прэмію Сахарава
Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны, згодна з крыніцамі „Свабоды” ў Еўрапейскім парламенце, атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” — галоўную ўзнагароду Еўразвязу ў галіне правоў чалавека.
Кандыдатуру Навальнага “за яго мужнасць у барацьбе за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека” вылучылі найбуйнейшая фракцыя Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя і трэцяя па ліку дэпутатаў фракцыя лібералаў “Абнавіць Еўропу”. Палітыка яны назвалі “галоўным палітычным апанентам” прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.
Прэмія “За свабоду думкі” названая ў гонар савецкага дысідэнта Андрэя Сахарава, заснаваная Еўрапейскім Парламентам у 1988 годзе. Фінансавы памер прэміі складае 50 тысяч еўра. Летась прэмію атрымала дэмакратычная апазіцыя Беларусі.
Фота: theins.ru