Аляксей Навальны засуджаны на 30 сутак



Апазіцыянер Аляксей Навальны, затрыманы 12 чэрвеня перад акцыяй пратэсту, засуджаны на 30 сутак. Яго прызналі вінаватым у паўторным парушэнні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства (частка 8 артыкула 20.2 КаАП).

Увечары ў панядзелак апазіцыйны палітык Аляксей Навальны быў дастаўлены ў Сіманаўскі суд Масквы для разгляду адміністрацыйнай справы аб парушэнні ім правілаў правядзення мітынгаў і непадпарадкаванні паліцыі.

У дачыненні да Навальнага былі складзеныя два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкулах «непадпарадкаванне законным распараджэнням супрацоўніка паліцыі» і «парушэнне правілаў правядзення мітынгаў».

Адвакаты заявілі, што маюць намер абскардзіць рашэнне суда.

На пасяджэнні Навальны запатрабаваў адводу суддзі, заявіўшы, што ёсць сумневы ў яго бесстароннасці. „Мы ведаем, што паліцыя прыязджала, паказала вам матэрыялы справы, вы выправілі ў іх памылкі і сказалі перарабіць”, – заявіў Навальны ў судзе.

„У нас ёсць сумненні ў бесстароннасці суддзі, мы ўпэўненыя, што вы вынесеце тое рашэнне, якое трэба супрацоўнікам паліцыі”, – падтрымаў яго адвакат Вадзім Кобзеў, паведамляе ria.ru.