Аляксей Венедыктаў: Няма ніякага Бабіча. Ёсць Пуцін
Свае дзеянні пасол Расеі ў Менску Міхаіл Бабіч ажыццяўляе пры падтрымцы прэзідэнта краіны Уладзіміра Пуціна, лічыць галоўны рэдактар радыёстанцыі „Эхо Москвы” Аляксей Венедыктаў.
„Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Яшчэ калі ішло прызначэнне Міхаіла Бабіча, я вам казаў, што прызначэнне Міхаіла Бабіча — гэта прызначэнне пракуратара ў заваяваную правінцыю. Ну, я не такімі словамі казаў, але цяпер зразумела, што гэта так”, — сказаў Венедыктаў у эфіры радыёстанцыі.
Паводле яго слоў, Бабіч зусім не дыпламат. „Ён генерал, даволі грубы, і кіраўнікі Прыволжскай акругі неаднаразова скардзіліся на яго грубасць — ён быў паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Ён спецыяльна, менавіта чалавек з такімі кампетэнцыямі, быў прызначаны на пасаду пасла ў Беларусі. Ну вось МЗС Беларусі ў першы раз не вытрымаў і даволі грубавата, у стылі генерала Бабіча, у стылі пасла Бабіча, адказаў яму пра тое, што, мабыць, спадар Бабіч не бачыць розніцы паміж федэральнай акругай Расійскай Федэрацыі”, — заўважыў Венедыктаў.
„Будзем назіраць, — сказаў журналіст, які раней заявіў, што ведае, „чаго думаюць і як размаўляюць у Крамлі”. — Але я хачу сказаць, што, безумоўна, Бабіч гэта робіць пры падтрымцы прэзідэнта Пуціна. У вас не павінна быць ніякіх сумненняў. Няма ніякага Бабіча. Ёсць Пуцін”.
Як лічыць Венедыктаў, расейская ўлада „паднаціскае” кіраўніцтва Беларусі „і ў непублічным полі, і ў публічным полі ісці на больш глыбокую інтэграцыю”. „Уласна, пра гэта на прэс-канферэнцыі Бабіч і казаў. Тое, што [прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый] Мядзведзеў назваў больш глыбокай інтэграцыяй, і калі я са сваімі суразмоўцамі казаў: „Вы маеце на ўвазе палітычную інтэграцыю?” — адказ быў: „Ну навошта так спрашчаць”. Значыць, палітычную, калі мне не даюць адказ. Гэта адзін з варыянтаў, мы з вамі ведаем, груба кажучы, аб’яднання, а дакладней паглынання Беларусі Расійскай Федэрацыяй”, — сказаў Венедыктаў.
На яго думку, з пункта гледжання каманды, якая кіруе ў РФ, з улікам яе „савецкай адукацыі”, няма розніцы паміж Беларуссю і Крымам.
„Нездарма Лукашэнка апошнім часам заўсёды кажа пра сваю спадчыну як спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, што мы не былі ні пад Масквой ніколі, ні пад Кіевам ніколі, што мы нашчадкі Вялікага Княства Літоўскага. І мы бачым, як Беларусь і гэты гістарычны трэнд, беларуская мова распаўсюджваецца, насаджаецца, калі хочаце, і, вядома, у Расіі, у Крамлі, за гэтым сочаць з незадавальненнем”, — заявіў галоўны рэдактар „Эха Москвы”.
Ён нагадаў, што Бабіч — яшчэ і спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічных адносін з Беларуссю. „Гэта значыць, ён не проста пракуратар. Ён чалавек, які павінен тэхналагічна забяспечваць гэтую „глыбокую інтэграцыю”… Я лічу, што, давай эўфемізм у адно слова, „глыбокаяінтэграцыя” — гэта з’яўляецца прыярытэтам РФ на <…> цяпер дзейны мандат прэзідэнта Пуціна”, — сказаў Венедыктаў.
12 сакавіка ў Жодзіне (Мінская вобласць) Бабіч заявіў аб неабходнасці „пераасэнсаваць, актуалізаваць, калі хочаце, рэвізіваць увесь аб’ём узаемаадносін за апошнія 20 гадоў”. Крытыку з боку беларускіх уладаў у сувязі з няроўнымі ўмовамі працы айчынных і расійскіх вытворцаў пасол назваў „не фарматам саюзніцкіх адносін”.
14 сакавіка ў інтэрв’ю РИА Новости Бабіч заявіў, што без практычнай рэалізацыі Саюзнага дагавора немагчыма вырашаць пытанні, якія прагучалі з боку Мінска, аб унутрырасійскіх цэнах на газ, кампенсацыі падатковага манеўру, павелічэнні субсідый з расійскага бюджэту для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, замацаванні на расійскім рынку долі беларускай сельгаспрадукцыі, магчымасці выдзялення яшчэ больш танных крэдытаў.
Пасол падкрэсліў, што Беларусі ніколі не прапаноўвалася ўступіць у склад РФ. На рэпліку аб тым, што Аляксандр Лукашэнка катэгарычна настойвае на захаванні суверэнітэту, пасол адказаў: „У гэтай сувязі па пытанні аб абароне суверэнітэту ўсім, мне здаецца, даўно хацелася б зразумець: хто робіць замах на беларускі суверэнітэт і ад каго яго хочуць абараніць? Калі гэта пагроза з Захаду, паводле аналогіі з вядомымі „каляровымі” рэвалюцыямі і дзяржаўнымі пераваротамі, то Расійская Федэрацыя як саюзнік, калі паступіць такая просьба, будзе разам з Беларуссю адстойваць гэты суверэнітэт усімі даступнымі сродкамі. Калі гэта намёкі на Расію, то гэта зусім не па-партнёрску. І нават калі гэта ўсяго толькі выбарчая тэхналогія пад назвай „мабілізацыя электарату шляхам фармавання вобразу ворага”, наўрад ці разумна такую тэхналогію рэалізоўваць за кошт стасункаў з найбліжэйшым саюзнікам і брацкім народам”.
15 сакавіка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што „адносіны паміж нашымі краінамі і народамі значна больш глыбокія і ўсёабдымныя, чым штучны, падтасаваныя набор лічбаў, за якія рэгулярна чапляецца расійскі дыпламат”. „Але гэта яго права — вызначаць для сябе планку, што ператварае яго ў рахаўніка альбо бухгалтара, які падае надзеі”, — сказаў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.
У той жа дзень у Віцебску Бабіч выказаў меркаванне, што каментар МЗС, мабыць, „і ёсць „верх” дыпламатычнай школы”. У сваю чаргу намеснік міністра замежных спраў Расеі Рыгор Карасін заявіў РИА Новости, што „мае права разлічваць на больш паважлівае стаўленне да пасла Расейскай Федэрацыі ў Менску”.
Фота RTVi