Аляксей Венядзіктаў: Аб’яднанне з Беларуссю? А што можа перашкодзіць?



Калі Расея вырашыць аб’яднацца з Беларуссю, гэтаму нішто не здолее перашкодзіць. Такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар радыёстанцыі „Эхо Москвы” Аляксей Венядзіктаў, які бывае ў крамлёўскіх кабінетах, у інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону.

„Аб’яднанне з Беларуссю? А што можа перашкодзіць? Усё — цана пытання. Я не ведаю, як беларускі народ… А крымскі народ — не? А як прагаласуюць, калі будзе галасаванне: беларускі народ, ці хочаце вы жыць шчасліва і багата разам з Расеяй? Ды і якая нам розніца?.. А, магчыма, патрэбны зусім не рэферэндум, а рашэнне двух парламентаў. Ну, з дэпутатамі ў нас размова кароткая, тым больш Саюзная дзяржава і так ёсць”, — сказаў Венядзіктаў.

„І зараз мы бачым, як чысцяць гэты саюзны дагавор ад усяго, што „паналіпала”, яго абнаўляюць, давайце скажам. Яго абнаўляюць, значыць, позірк туды (на Беларусь. — БелаПАН.) ёсць”, — перакананы галоўрэд „Эха Москвы”.

Паводле яго слоў, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін шчыра лічыць, што рускія, беларусы і ўкраінцы — адзіны народ, які быў падзелены распадам СССР. „Ён кажа гэта адкрыта, а раней казаў закрыта, на закрытых сустрэчах, я маю на ўвазе. Ён так лічыць. Што з гэтым можна зрабіць? Вось вы маеце перад сабой 65-гадовага чалавека, вы што, перавыхоўваць яго будзеце?” — сказаў Венядзіктаў.

Журналіст растлумачыў логіку Пуціна: „Самая вялікая [для яго] геапалітычная катастрофа — распад Савецкага Саюза. Не Савецкага Саюза з Кіргізіяй і Азербайджанам, а тры вось гэтыя рэспублікі, таму што гэта падзелены народ. Я думаю, што гэта ідзе ад яго ўспрымання, калі ён служыў у ГДР. Вось быў падзелены народ — ГДР, ФРГ, немцы. Падзелены ж народ? Ну так здарылася. Ён мог быць падзеленым яшчэ сто тысяч гадоў, аднак пайшоў працэс — бу-бух. Вось Асеція, быў падзелены народ, у Расеі і ў Грузіі. Вось першы крок, і асеціны б’юцца і просяцца ў Расію. Пакуль гэта няправільна, але я вас запэўніваю: пройдзе нейкі час, і ён скажа: так, падзелены народ нарэшце можа аб’яднацца… Гэта яго гісторыя, гісторыя яго жыцця пра падзеленыя народы. І таму, калі ты з ім размаўляеш, або іншыя з ім гавораць, або ён публічна выступае, самае галоўнае разумець: ён так думае. Гэта пункт не дзе ён іграе, а дзе ён так думае. А паколькі ён чалавек ужо ва ўзросце, як і я, пераканаць немагчыма. У нас склалася сістэма каштоўнасцяў, у яго — свая, у мяне — свая. Ён так думае — ўсё”.

Паводле слоў Венядзіктава, Пуцін застанецца першай асобай у Расеі незалежна ад статусу, які ён будзе мець пасля 2024 года, бо, як паказвае практыка, транзіт улады праз нейкі час паварочваецца праблемамі для таго, хто перадае. У якасці прыкладу Венядзіктаў прывёў апошнія падзеі ў Кыргызстане, дзе пасля сутыкненняў быў арыштаваны былы кіраўнік дзяржавы Алмазбек Атамбаеў. Пуцін, як паведаміў галоўрэд „Эха Москвы”, раней угаворваў прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева не пакідаць сваёй пасады. Акрамя таго, лічыць Венядзіктаў, кіраўнік РФ „верыць у тое, што толькі ён зараз можа ўтрымаць Расею, ён верыць у тое, што ў яго місія не скончаная”.

belapan.by

Фота echo.msk.ru