Аляксей Янукевіч: Будзе вялікае расчараванне, калі Зяленскі не апраўдае надзеі
Беларусы з цікавасцю, а многія і з зайздрасцю працягваюць сачыць за падзеямі ва Украіне. Людзі гадаюць, ці справіцца з карупцыяй малады прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, ці стрымае агрэсію Расеі. Пра гэта і іншае, што тычыцца новага лідара Украіны, журналіст Радыё Рацыя пагутарыў з нашым госцем Аляксеем Янукевічам:
РР: Спадар Аляксей, як вы ацэньваеце першыя крокі Уладзіміра Зяленскага?
Аляксей Янукевіч: Мы бачым, што цяпер фактычна Зяленскі працягвае працаваць у рэжыме перадвыбарчай кампаніі. І рыхтаваўся ўсе папярэднія тыдні да выбараў у Вярхоўную Раду. Магчыма гэта наклала такі моцны адбітак папулізму на ягоную рыторыку, на ягоныя дзеянні. Але, на жаль, і для яго самога, і для Украіны, можа быць, і для ўсяго рэгіёну, мы пакуль што не бачым канкрэтных справаў, мы не бачым канкрэтных рэформаў. Але мы бачым вельмі прафесійны, прадуманы піяр. Хацелася б памыліцца, але ёсць перасцярога, што Зяленскі насамрэч будзе больш клапаціцца менавіта пра піяр, пра высокі рэйтынг, а не пра нейкія рэальныя рэформы, пра якія ён казаў падчас перадвыбарчай кампаніі і якіх чакае і патрабуе ўкраінскае грамадства.
РР: Зяленскага ўжо параўноўваюць з Аляксандрам Лукашэнкам. Калі ён крычыць на падначаленых: Выйдзі! Або: Ты злачынца! І г.д. Вы падтрымліваеце такія меркаванні?
Аляксей Янукевіч: Так, я лічу, той стыль, які сёння ўзяў на ўзбраенне Зяленскі, ён фактычна скапіяваў у Аляксандра Лукашэнкі. Я думаю, ён гэтым аддае даніну павагі, калі можна так выказацца, тым метадам, якім Аляксандр Лукашэнка карыстаўся ў свой час, калі атрымліваў і ўмацоўваў сваю ўладу, і гэта, на жаль, усё ж такі з’яўляецца адмоўнай характарыстыкай і для ўсяго нашага рэгіёну, і для тых людзей, якія сочаць за падзеямі. Я думаю, што гэта будзе вялікае расчараванне для Украіны і ўкраінцаў, таму што з аднаго боку прэзідэнт дэмакратычна абраны, і было вельмі шмат выказванняў, што Зяленскі можа камусьці не падабацца, але гэта дэмакратыя і гэта велічэзнае дасягненне ўкраінцаў. У 1994 годзе таксама казалі, што дэмакратыя, і Лукашэнку насамрэч патрымлівала большасць. Але затым больш выбараў не было. Я не думаю, што ў Зяленскага атрымаецца, каб больш ва Украіне не было сапраўдных выбараў. Але я думаю, што гэта можа яшчэ больш адштурхнуць украінскае грамадтва, украінскі народ ад зацікаўленасці і веры ў палітыку. Таму што Зяленскі абраны як раз як выказнік такога татальнага расчаравання ў тых палітыках, якія не здольныя думаць нацыянальнымі інтарэсамі, а толькі клапоцяцца пра сваю выгоду. І калі Зяленскі апынецца такім жа самым, то я думаю, што гэта можа быць вельмі моцным ударам. Ён сёння мае вялікі давер з боку украінскага грамадства, але гэта надзвычай вялікая адказнасць, і ягоныя дзеянні, на маю думку, сведчаць, што ён можа быць не здольны гэтую адказнасць пацягнуць, і канешне, гэта негатыўна адаб’ецца і на Беларусі.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя