Аляксей Янукевіч: Для нас інтарэсы краіны заўсёды былі на першым месцы



Паслявыбарчыя рэпрэсіі, часам абсурндыя, не абмінулі і сябраў Партыі БНФ. Пра тое, як партыя змагаецца з імі, распавёў намеснік старшыні Партыі БНФ, „Госць Рацыі” Аляксей Янукевіч у размове з нашым карэспандэнтам Генадзем Барбарычам.

РР: Вельмі шмат сябраў ПБНФ удзельнічала ў пратэстах ды патрапіла пад рэпрэсіі.

– Партыя БНФ не імкнулася, я лічу, што гэта было важна таксама і для поспеху беларускіх пратэстаў, пазіцыянаваць тыя пратэсты, якія адбываліся менавіта як арганізаваныя палітычнымі партыямі, у тым ліку намі, я думаю, што такі народны пратэст, ён сапраўды быў значна больш важны. Для нас інтарэсы краіны заўсёды былі на першым месцы. Безумоўна нашыя сябры актыўна ўдзельнічаюць у палітычных працэсах, якія адбываюцца. На вялікі жаль за гэта вельмі часта бываюць несправядліва і жорстка караныя. Самы свежы выпадак Вітольд Ашурак, сябра Сойму Партыі БНФ асуджаны на 5 гадоў зняволення. 

РР: На днях былі затрыманыя яшчэ некалькі сябраў ПБНФ, у тым ліку Юрась Дзяшук.

– Мы імкнёмся сачыць за сітуацыяй і дапамагаць наколькі гэта магчыма. Так, сапраўды прысуд Вітольду Ашурку на жаль стаў не адзіным і не апошнім фактам рэпрэсій у Лідзе і Лідзкім раёне. Там дзейнічае вельмі моцная партыйная арганізацыя, яны гучалі шмат якімі сваімі мерапрыемствамі па ўшанаванні памяці паўстанцаў Каліноўскага, па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, гістарычнай памяці. Я думаю, што разбурыць, спыніць магчымасць такой дзейнасці, гэта зара мэта і для мясцовых уладаў і можа быць з Менску такі загад паступіў, таму сапраўды мы бачым пасля прысуду Вітольду Ашурку адбываюцца затрыманні, допыты, у тым ліку сябраў партыі, не толькі сябраў партыі ў Лідзе і Лідскім раёне. Узбуджана, наколькі нам вядома, крымінальная справа па тых падзеях, якія адбываліся беспасрэна на судзе над Вітольдам Ашуркам. То бок тых людзей, якія прыйшлі ў суд, альбо прыехалі, імкнуцца зараз абвінаваціць у здзяйсненні крымінальнага злачынства падчас і пасля заканчэння суду, мы лічым гэта палітычным пераследам. Мы асуджаем такія дзеянні. 

РР: Доказам віны Ашурка стала пасведчанне ПБНФ. Як вы гэта расцэньваеце?

– Мы і не толькі Партыя БНФ, але і нашы калегі з іншых зарэгістраваных дэмакратычных партый, за што мы ўдзячныя калегам за гэтую салідарнасць, выказваем вялікую заклапочанасць вось гэтым фактам. Гэта можна лічыць новай формай палітычнага пераследу, новай ступенню палітычнага пераследу, якая безумоўна супярэчыць закону аб палітычных партыях, дзе напісана, што сяброўства ў партыях не можа быць падставай для абмежавання правоў і свабодаў грамадзяніна, наўпроста так напісана. Мы зараз безумоўна не проста рашуча асуджаем, але і патрабуем, каб сапраўды пераслед сябраў партыі БНФ, сябраў іншых палітычных партый, пераслед па факце сяброўства быў неадкладна спынены. У гэтым рэчышчы я лічу вельмі важны ў інфармацыйным плане, у плане салідарнасці, чэлендж, які запусцілі сябры партыі БНФ з Лідскага раёна, але падхапілі сябры Партыі БНФ з усёй краіны і сябры іншых дэмакратычных партый, якія публікуюць здымкі сваіх партыйных пасведчанняў з хэштэгам доказ віны, выказваючы салідарнасць з Вітольдам Ашуркам і з Партыяй БНФ, патрабуючы спыніць пераслед за прыналежнасць да афіцыйных палітычных партый.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Намеснік старшыні Партыі БНФ, „Госць Рацыі” Аляксей Янукевіч распавёў пра тое, як партыя пераадольвае ціск і рэпрэсіі з боку ўлады.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск