Аляксей Янукевіч: Эдгарс Рынкевічс добра разумее сітуацыю ў Беларусі
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс добра разумее палітычную сітуацыю як у Беларусі, так і ў рэгіёне. Такое ўражанне склалася ў старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча пасля сустрэчы з кіраўніком МЗС Латвіі ў Менску. Удзел у размове таксама прынялі кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
Па словах Янукевіча, сам ён засяродзіў увагу кіраўніка МЗС Латвіі на некалькіх пытаннях.
– Гэта традыцыйна неабходнасць выпрацоўкі пакрокавай дарожнай мапы дзеля развіцця дыялогу. Гэта неабходнасць уцягвання Беларусі патэнцыйна ў развіццё ініцыятывы трох мораў – Балтыйскага, Адрыятычнага і Чорнага. Гэтая ініцыятыва, я думаю, набудзе новы імпульс пасля візіту амерыканскага прэзідэнта ў Польшчу, і сустрэчы з прэзідэнтамі краінаў, якія ўваходзяць у ініцыятыву, а таксама з прыходам амерыканскіх энерганосбітаў у рэгіён.
Таксама размова вялася пра неабходнасць распрацоўкі плана дапамогі беларусам абараніць еўрапейскі выбар краіны, у тым выпадку, калі беларускае грамадства такі выбар зробіць. Нельга дапусціць, каб паўтарыўся ўкраінскі сцэнар, да якога Еўравяз быў абсалютна непадрыхтаваны, – лічыць Янукевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя