Аляксей Янукевіч: Іх вынік варты жалю
Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў, чаму ён не шкадуе пра тое, што ў свой час пакінуў праймерыз.
Нагадаем, што ўдзельнікі праймерыз ад апазіцыі – Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова і Юрась Губарэвіч – зрабілі заяву, што не будуць вызначаць адзінага кандыдата па выніках праймерыз. Яны лічаць, што паўнавартасны ўдзел у выбарчай кампаніі ў цяперашніх умовах немагчымы.
Яшчэ раней праймерыз пакінулі спачатку Павел Севярынец, а затым і Аляксей Янукевіч.
Аляксей Янукевіч: Я лічу, што такі вынік (адсутнасць адзінага кандыдата) варты жалю. І ў першую чаргу гэта кепская сітуацыя для правацэнтрысцкай кааліцыі, якая брала на сябе пэўныя абавязкі і перад беларускім грамадствам, і перад сваімі міжнароднымі партнёрамі.
Гэта сведчыць пра надзвычай вялікую ступень безадказнасці. У першую чаргу тых асобаў, якія ў гэтай працэдуры ўдзельнічалі. Здаецца, дзяліць ім абсалютна няма чаго, але дамовіцца не здолелі.
На вялікі жаль, гэта таксама кідае цень і на ўсю разам апазіцыю, таму што многія беларусы дэталяў сітуацыі не ведаюць і імі не цікавяцца. Яны проста ўбачылі вынік, якога няма. Гэта, на мой погляд, будзе чарговым расчараваннем грамадства альтэрнатыўнымі дэмакратычнымі кандыдатамі.
РР: Не шкадуеце, што ў свой час пакінулі праймерыз
Аляксей Янукевіч: Безумоўна, не шкадую. Крыўдна толькі, што тая ініцыятыва, якая пачыналася даволі някепска і мела шанц пашырыцца і закрануць грамадства, скончылася такім правалам.
Як толькі стала відавочна, што правацэнтрысцкі канфлікт настолькі востры і моцны, што не дазволіць прыйсці да агульнай згоды і выніку, я, як кандыдат, і наша партыя пакінулі праймерыз.
Працаваць там далей не дало б ніякага сэнсу і моцна магло б ударыць па рэпутацыі партыі. Таму шкадаванне толькі пра тое, што ўвесь праймерыз пацярпеў фіяска.
РР: У выбарах нейкім чынам будзеце прымаць удзел?
Аляксей Янукевіч: Сваіх кандыдатаў партыя вылучаць не будзе і не будзем падтрымліваць ніякага іншага кандыдата.
Магчыма, сябры партыі будуць у складзе некаторых ініцыятыўных груп, але гэта асабістае рашэнне кожнага.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя