Аляксей Янукевіч: Хацелі б падвысіць аўтарытэт партыі



Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавядае пра тое, на што разлічвае іх арганізацыі падчас выбараў у мясцовыя Саветы.

Аляксей Янукевіч: У гэтай палітычнай кампаніі мы будзем прымаць удзел у любым выпадку. Разумеем, што ўключэнне нашых прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій – гэта справа не рэальная. І нават, калі некалькі дэмакратычных прадстаўнікоў у такія камісіі патрапяць, то практыка паказвае, што гэта не ўплывае на вынік. Насамрэч трэба змяняць выбарчую сістэму комплексна, калі мы хочам казаць пра справядлівыя выбары. Але тыя нашы людзі, якія ў сваіх акругах вядуць шматлікія грамадзянскія кампаніі, яны, безумоўна, будуць кандыдатамі. Проста дзеля таго, каб атрымліваць дадатковую падтрымку насельніцтва і патрабаваць ад уладаў пазітыўных зменаў.

РР: На які вынік вы разлічваеце падчас гэтых выбараў? Ці ёсць спадзяванні, што кандыдаты ад Партыі БНФ патрапяць у мясцовыя Саветы?

Аляксей Янукевіч: Думаю, што дзеля развіцця дыялогу з Захадам нейкія дэмакратычныя прадстаўнікі атрымаюць дэпутацкія мандаты ў сельскіх саветах ці невялікіх гарадках, але іх, мяркую, будзе няшмат. Хаця гэта не азначае сур’ёзных зменаў. Але асноўны вынік, якога мы хацелі б дасягнуць, каб аўтарытэт нашых рэгіянальных лідараў і нашай партыі ўзрастаў. Існуюць пэўныя індакатары, якія дазваляюць нам даведацца, ці паспяхова мы правялі кампанію.

РР: На ваш погляд, ці пойдуць улады на нейкія змены ў Выбарчым заканадаўстве ў бліжэйшы час?

Аляксей Янукевіч: Найхутчэй змены будуць, але касметычнага кшталту. Мы добра ведаем, як беларускія ўлады ўмеюць імітаваць працэс паляпшэння сітуацыі, але на прынцыповыя змены разлічваць не даводзіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя