Аляксей Янукевіч: Лукашэнка працуе з рэгіянальнымі лідарамі дзеля ўплыву на Крэмль
Візіт у Беларусь прэзідэнта Чачні Рамзана Кадырава знаходзіцца ў тым жа рэчышчы, што і вучэнні „Захад – 2107” і шэраг іншых крокаў, якія зрабілі беларускія ўлады на карысць Крамля, – лічыць старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Па яго словах, візіт Кадырава, які мае вельмі негатыўны імідж на Захадзе, не будзе спрыяць намаганням Беларусі стаць пасярэднікам у канфліктах у рэгіёне, выконваць ролю нейтральнай краіны. Асабліва калі ўзгадаць ролю Кадырава падчас расейска-ўкраінскага канфлікту.
Аляксей Янукевіч:
– Відавочна, што гэта чарговы ківок у бок Масквы. Спадзяюся, што гэта толькі іміджавае балансаванне. Але такі крок таксама можа сведчыць і пра імкненне больш глыбока завязвацца з Крамлём далей з мэтай атрымліваць ад Крамля фінансавыя рэсурсы. Больш за тое, як вядома, Кадыраў набліжаны да Пуціна, ён уваходзіць у атачэнне Пуціна.
Працаваць з расейскімі элітамі, у тым ліку з рэгіянальнымі лідарамі дзеля ўплыву на Крэмль, – гэта традыцыйная практыка Аляксандра Лукашэнкі. Таму і зараз ён спрабуе стварыць дадатковы канал уплыву на Уладзіміра Пуціна, – не выключае Аляксей Янукевіч. Па яго словах, для Лукашэнкі важным з’яўляецца і эканамічны чыннік.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя