Аляксей Янукевіч: Людзей фактычна заганяюць на выбары



11,5% – такую яўку за два дні датэрміновага галасавання падае беларускі ЦВК. Наперадзе Віцебская і Гомельская воласці, там за два дні датэрмінова прагаласавалі амаль 13% выбаршчыкаў. У Берасцейскай вобласці 10,5%, у Гарадзенскай — 10%. У Менску да ўчасткаў прыйшлі амаль 11% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы. Людзей фактычна заганяюць на выбары, заўважае прадстаўнік кампаніі «Права выбару 2019» Аляксей Янукевіч. Такую тактыку ўлады прымяняюць падчас кожнай электаральнай кампаніі, адзначае ён:

– Улады фактычна сказілі сам сэнс датэрміновага галасавання. Яно ёсць у шмат якіх краінах, але толькі для тых людзей, якія сапраўды ў дзень выбараў не могуць прыйсці на выбарчы ўчастак. У нас вельмі заахвочваецца датэрміновае галасаванне, а часам, асабліва сярод навучэнцаў, жыхароў інтэрнатаў – яно прымусовае. Вялікі адсотак на мінулых выбарах – гэта да траціны ці нават больш складае ад усіх выбаршчыкаў.

У Беларусі ў спісы выбаршчыкаў унесеныя амаль 6,9 мільёнаў чалавек. Датэрміновае галасаванне працягнецца да 16 лістапада. А ў нядзелю 17-га – асноўны дзень галасавання. Беларусы выбіраюць 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Паводле апошніх дадзеных ЦВК, кандыдатаў засталося 516. А першапачаткова было зарэгістравана 562.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя