Аляксей Янукевіч: Мы заклікаем здымацца



Як ідзе і да чаго прывядзе выбарчая прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі?

Пра гэта разважаюць у эфіры нашага радыё „Госць Рацыі”, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і карэспандэнт Генадзь Барбарыч:

РР: Некалькі месяцаў таму вы заяўлялі, што будзеце балатавацца кандыдатам. 

– Мы бачым, што ні пра якія выбары гаварыць цяпер нельга.  Тое, што ўлады зрабілі напярэдадні выбараў, што ўлады працягваюць рабіць цяпер, наўпрост дэманструе слушнасць той пазіцыі, якая была абраная Партыяй БНФ. Тое, што робіць улада – гэта злачынства. З боку тых, хто ўдзельнічае – гэта па вялікім рахунку саўдзел у злачынстве. Мы бачым на сённяшні момант абсалютную немагчымасць правядзення агітацыйнай кампаніі. Мы бачым абсалютную немагчымасць любых законных формаў уздзеяння на сітуацыю ў Беларусі, не кажучы ўжо пра нейкі празрысты ці сумленны выбарчы працэс. Таму актуальным застаецца зварот Партыі БНФ да ўсіх кандыдатаў з заклікам здымацца. Я лічу, што неўзабаве тых кандыдатаў, якія застаюцца, улады палічаць іх сапраўды небяспечнымі. Яны могуць зняцца яшчэ да дня выбараў. Пакуль яшчэ ёсць магчымасць з рабіць з гэтага палітычную дэкларацыю і палітычны ўчынак. Мы заклікаем здымацца. 

Як вы асабіста ацэньваеце тых кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у гэтых выбарах?

– На сённяшні момант казаць пра кандыдатаў неяк абсалютна недарэчна. З аднаго боку, мы бачым, што нацыянальна-дэмакратычныя сілы і кандыдаты ад нацыянальна-дэмакратычных сілаў не ўдзельнічаюць у гэтых выбарах. Больш за тое, тыя, хто хацеў удзельнічаць у гэтых выбарах, як той жа Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала, яны ўжо не належаць да спісу кандыдатаў, таму выбар з тых пяці, якіх улада сёння пакінула, ён вельмі штучны, недарэчны. Пра яго казаць недарэчна, выбіраць з гэтых пяці людзей, з сямі, якія падавалі заявы. Чаму без Ціханоўскага, без удзельнікаў праймерыз, напрыклад, ці тых, хто збіралі подпісы. Я лічу, што гэта даволі такія штучныя і пустыя размовы, шукаць нейкія праграмы кандыдатаў, параўноўваць іх, ці параўноўваць іх асобы. То бок ёсць не кандыдаты, а проста людзі, якія спрабуюць вырашаць нейкія больш шляхетныя задачы, як тая ж Ціханоўская, якая сапраўды змагаецца за ўзнаўленне сваёй сям’і, за вызваленне свайго мужа, па чалавечы я канешне ёй у гэтым спачуваю. Хочацца, каб яна годна прайшла праз гэтую кампанію, каб у яе сям’і ўсё было добра. Ёсць тыя, чыя матывацыя мне незразумелая, альбо зразумелая і здаецца абсалютна недарэчнай і непрымальнай. У такой сітуацыі казаць пра нейкія сімпатыі, блізкасць кандыдатаў, калі няма выбараў, недарэчна. Калі няма выбараў, то і кандыдатаў ніякіх няма.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Пра перадвыбарчую кампанію і яе наступствы для Беларусі ў эфіры разважалі „Госць Рацыі”, намеснік старшныі Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і карэспадэнт Генадзь Барбарыч.

Беларускае Радыё Рацыя