Аляксей Янукевіч: Наш удзел у мерапрыемствах у Рызе ўжо запланаваны
На травенскі саміт Усходняга партнёрства ў Рызе будзе накіравана запрашэнне афіцыйнаму Менску. Пра гэта заявіў міністар замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевічс. Хто ачоліць беларускую дэлегацыю на гэтым саміце пакуль не вядома, найболей праўдападобна будзе гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Ці атрымаюць запрашэнне да ўдзелу ў саміце прадстаўнікі беларускай апазіцыі – пытанне застаецца адкрытым, – кажа старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
– Ці будзе такое запрашэнне для прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, пакуль пэўнасці няма, аднак, як мінімум, мы плануем прысутнічаць у Рызе. Там будзе шмат мерапрыемстваў вакол самога саміту, і шэраг такіх мерапрыемстваў з удзелам апазіцыі і грамадзянскай супальнасці Беларусі ўжо запланаваны, спадзяемся, што прысутнасць альтэрнатыўнай думкі, прысутнасць прадстаўнікоў вольнага грамадства Беларусі, яна таксама будзе ў Рызе, яна будзе заўважаная і яна будзе значнай.
Саміт Усходняга партнёрства, пройдзе ў Рызе сёлета 21−22 траўня. Латвійскі бок раней заяўляў пра жаданне, каб Беларусь на саміце Усходняга парнёрства была прадстаўленая на самым высокім узроўні.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя