Аляксей Янукевіч: Падчас дыялогу паміж Захадам і Менскам неабходна дарожная мапа
У Кіеве адбылося чарговае паседжанне Еўранэста, парламенцкай асамблеі краінаў-удзельнікаў праграмы „Усходняе партнёрства”. На фоне расейскай ваеннай пагрозы на кантыненце, яе агрэсіі ва Украіне, праблем у самім Еўразвязе, наколькі сітуацыя ў Беларусі застаецца важнай для Еўропы? У інтэрв’ю журналісту Беларускага Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу на гэта адказаў адзін з удзельнікаў сесіі Еўранэста, першы намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Аляксей Янукевіч: Насамрэч нельга сказаць, што цікавасць да Беларусі з боку еўрапейскіх структураў змяншаецца. Наадварот, яна павялічваецца. Усё ж Еўразвяз – гэта бюракратычная, урадавая структура. І яе праграмы супрацы прадугледжваюць супрацоўніцтва менавіта на ўзроўні ўрадаў, на узроўні чыноўнікаў, мясцовых уладаў. Як вядома, зараз такое супрацоўніцтва пашыраецца. Таму нельга сказаць, што цікавасць да Беларусі з боку Еўропы памяншаецца.
Аднак беларуская Палата прадстаўнікоў не прызнаецца Еўрапарламентам легітымным органам. І таму застаюцца вакантнымі месцы Беларусі ў Еўранэсце, і таксама таму ў Менску не было пакуль што такіх сесіяў. Улады не пагаджаліся раней і не пагаджаюцца зараз на варыянт „пяць на пяць” назіральнікаў – з боку ўлады і з боку апазіцыі. Таму статус Беларусі ў Еўранэсце застаецца падважаным. Аднак усё роўна працоўная група па Беларусі існуе, працуе. І зараз адбылася дастаткова глыбокая і важная дыскусія.
РР: Якія беларускія праблемы хвалююць і прыцягваюць увагу Еўропы?
Аляксей Янукевіч: Гэта не толькі праблемы Беларусі, гэта таксама і праблемы Еўропы. І таму наступствы і сама хада правядзення вучэнняў „Захад – 2017” абмяркоўвалася вельмі грунтоўна. Таксама абмяркоўвалася ступень развіцця стасункаў паміж Бруселем і афіцыйным Менскам. У абмеркаванні ўдзельнічала і прадстаўнік Еўразвязу ў Беларусі спадарыня Андрэа Віктарын. Ну і натуральна, мясцовыя выбары, якія адбудуцца ў наступным годзе, былі таксама ў фокусе ўвагі працоўнай групы.
РР: Аднак тэма расейскай ваеннай пагрозы, вайны ва Украіне, ваенных вучэнняў „Захад -2017”, мабыць, была тэмай №1?
Аляксей Янукевіч: Яна была першай тэмай, якую абмяркоўвалі. І можна сказаць, што так, сапраўды, яна вельмі моцна турбуе і ўкраінскі бок, і беларускіх суседзяў з балтыйскіх краінаў, і з Польшчы. Таму, канешне, гэтая тэма гучала вельмі актыўна і вельмі востра. Але некаторыя ўдзельнікі ставілі акцэнты аб тым, што Беларусь з’яўляецца поўным сатэлітам Расеі ў ваеннай справе. І можа быць выкарыстана як плацдарм для далейшай агрэсіі супраць Украіны ці супраць нашых суседзяў па НАТА. Гэтая тэма сапраўды важная, і гэтае пытанне сапраўды стаіць. Але я скіраваў гутарку ў рэчышча таго, што падчас гэтых вучэнняў адпрацоўваліся у тым ліку гібрыдныя сродкі агрэсіі супраць самой Беларусі. І што на сённяшні момант, калі мы кажам пра тое, што Беларусь – гэта лаяльны саюзнік Расеі, мы павялічваем магчымасці Расеі па захопу Беларусі. Таму што калі гадамі вядзецца гутарка пра тое, што беларускае войска і беларуская зямля – гэта ледзьве не неад’емная частка расейскай ваеннай машыны і расейскай вайсковай дактрыны, то навіна пра агрэсію супраць Беларусі не выкліча ні ў каго ніякай рэакцыі. Таму што фактычна такія размовы і так у свядомасці людзей па-за межамі Беларусі ствараюць уражанне, што Расея тут валадарыць. „Ну яна і так валадарыла, а зараз проста чарговая ступень, новая форма гэтага валадарства, – ніякай навіны!” – могуць палічыць яны. І ў гэтым таксама ёсць пагроза. Таму што, сапраўды, уражанне і меркаванне міжнароднай супольнасці дзеля абароны незалежнасці важнае. Яно, натуральна, не есць асноўным. Асноўным ёсць меркаванне беларускіх грамадзянаў. Але міжнароднае меркаванне таксама важна ўлічваць і імкнуцца схіляць на свой бок. Таму я лічу важным падкрэсліваць, што Расея не толькі рыхтуецца выкарыстаць Беларусь як плацдарм для магчымай далейшай агрэсіі, але і адпрацоўвае механізмы агрэсіі супраць Беларусі.
РР: Адзін з запрошаных на Еўранэст беларускіх палітыкаў – Мікола Статкевіч – не даехаў, яго арыштавалі на 5 сутак літаральна за некалькі гадзін да ад’езду ў Кіеў. Гэта было заўважана ўдзельнікамі форуму?
Аляксей Янукевіч: Так, адзін з сустаршыняў гэтай працоўнай групы – кіраўнік працоўнай групы па Беларусі Еўрпаейскага парламенту Богдан Здраеўскі, калі адкрываў паседжанне, то заўважыў, што Мікола Статкевіч не здолеў прысутнічаць, бо быў затрыманы. І што адносна гэтага будзе адмысловая рэакцыя і працоўнай групы ў Еўранэсце, і працоўнай групы па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце.
РР: Мабыць, пакуль рэакцыі не было, таму што адзін з удзельнікаў сустрэчы ў Кіеве, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, адразу пасля вяртання ў Менск быў асуджаны на 10 сутак арышту.
Аляксей Янукевіч: Я перакананы, што і на гэтую судовую пастанову таксама будзе рэакцыя Еўрапейскага парламента на розных узроўнях. Думаю, што і Еўрапейская камісія на яго адрэагуе. Натуральна, сёння стаіць пытанне рэпрэсій і некаторыя ўздымаюць яго больш рэзка, патрабуючы спынення дыялогу праз тое, што такога кшталту рэпрэсіі, на жаль, не спыняюцца, а працягваюцца, і іх маштаб не памяншаецца. Але пры гэтым трэба зазначыць, што ўсе гэтыя факты не застаюцца па-за ўвагай Еўрапейскай камісіі, прадстаўніцва Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага парламента. Рэакцыя заўсёды ёсць. Гэтая тэма абмяркоўвалася якраз на паседжанні працоўнай групы па Беларусі Еўранэста. І я падзяляю падыход, што нават дзеля таго, каб спрыяць паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека, дзеля таго, каб мець нейкі рычаг уплыву на беларускія ўлады, у тым ліку ў пытаннях правоў чалавека, таму важна гэты дыялог працягваць. Мы паслядоўна і не першы год выступаем за тое, што неабходна пакрокавая „дарожная мапа” дзеля таго, каб кожны з бакоў выдатна разумеў, якія на сябе бярэ абавязкі і якія дзеянні могуць цягнуць за сабой пэўныя наступствы. На сённяшні момант, на жаль, такой дарожнай мапы няма. І гэта дазваляе беларускім уладам сумяшчаць і дыялог з Захадам, і правядзенне рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да апанентаў тут, у Беларусі.
РР: Такое ўражанне, што беларускія ўлады якраз і хацелі, каб гэтыя рэпрэсіі былі максімальна заўважаны. Таму што, мабыць, нездарма падчас Еўранэста, можна сказаць, арыштоўваюць вядучых беларускіх апазіцыйных палітыкаў. Ці адна рука не ведае, што робіць іншая рука, ці тут нейкі іншы план?
Аляксей Янукевіч: Ну, па-першае, я думаю, цяжка сказаць, хто ў Беларусі вядучы апазіцыйны палітык, хто не… Але безумоўна арышт Міколы Статкевіча перад тым, як павінна было адбыцца паседжанне працоўнай групы, можа быць таксама і правакацыяй з боку той часткі наменклатуры, якая не зацікаўлена ў дыялогу, якая страчвае ўплыў у выніку гэтага дыялогу і якая сапраўды хацела б, каб ніякага дыялогу з Захадам не было, каб усё заставалася так, як і раней. Таму магчыма, гэты арышт і быў скіраваны на тое, каб яшчэ раз ускладніць гэты дыялог, справакаваць нейкія вострыя, а можа быць, і жорсткія рэакцыі з боку еўрапейскіх палітыкаў, якія б пацягнулі адпаведныя рэакцыі з боку афіцыйнага Менску. І гэта патэнцыйна магло б, безумоўна, пашкодзіць дыялогу.
РР: У беларускай дэлегацыі, мабыць, не было адзінага пункту гледжання. Яна была дастаткова разнастайнай, ад левых да правых, і наўрад ці выступала з адзіных пазіцый.
Аляксей Янукевіч: Натуральна, няма і не можа быць нейкай адзінай пазіцыі, калі існуе рознае бачанне сітуацыі, рознае бачанне асноўных пагрозаў, з якімі сутыкаецца краіна. Але таксама я хацеў бы сказаць, што чуткі пра тое, што апазіцыя моцна сварыцца паміж сабой, вельмі перабольшаныя. Так, кожны рабіў акцэнт на тых рэчах, якія лічыць найбольш важнымі. Але прынамсі ў ацэнцы дзеянняў беларускіх уладаў у дачыненні да палітычнай апазіцыі, да грамадзянскай супольнасці гэтая ацэнка амаль што супадала. Хоць мы папярэдне не дамаўляліся пра тое, каб даваць менавіта гэтыя аднолькавыя ацэнкі.
У складзе беларускай дэлегацыі былі таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, сустаршыня грамадскай ініцыятывы „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, лідар Руху „За свабоду” Юрый Губарэвіч, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, кіраўнік Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін, прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск