Аляксей Янукевіч: БНФ абмяркоўвае розныя сцэнары выбарчай кампаніі
Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавядае, якімі іх партыя бачыць прэзідэнцкія выбары-2015.
Аляксей Янукевіч: Зараз Партыя БНФ разам з іншымі дэмакратычнымі структурамі абмяркоўвае розныя сцэнары кампаніі. Мы лічым, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі праходзяць пад поўным кантролем улады (і няма спадзяванняў, што нешта зменіцца), але ўсё роўна пастараемся выкарыстаць момант, бо ў гэты час увага да палітыкі з боку грамадства ўзрастае і адбываецца яго пэўная мабілізацыя. Таму нашы планы і сцэнары не завязаны выключна на прэзідэнцкія выбары і гэта вельмі важна.
РР: Пытанне адзінага кандыдата ад апазіцыі ўжо знялі з павесткі дня?
Аляксей Янукевіч: Пытанне выпрацоўкі сумеснага механізма выбараў адзінага кандыдата праз шырокі ўдзел дэмакратычных актывістаў, на жаль, знята з павесткі. Але не выключана, што бліжэй да пачатку нашай кампаніі тыя кандыдаты, якія будуць існаваць, правядуць перамовы і змогуць дамовіцца наконт таго, каб на выбары пайсці адной калонай. На тое, каб ісці некалькімі калонамі, у апазіцыі няма ні сілаў, ні сцэнароў. Трэба дамаўляцца. Я шчыра перакананы, што, калі гэта не ўдасца зрабіць, то такое развіццё падзей будзе толькі на руку ўладзе, а дэмакратычных прадстаўнікоў чакае правал.
РР: Ці варта ўвогуле распрацоўваць нейкія сцэнары, калі няма веры ў перамогу?
Аляксей Янукевіч: Я веру, што перамога будзе. Можа, яна не звязана канкрэтна з гэтымі выбарамі, але ж трэба заваёўваць галасы ўдзелам у такіх кампаніях. Таму прэзідэнцкая кампанія – гэта вельмі добры шанец павялічыць кола падтрымкі тых ідэяў, якія прапаноўваем.
РР: Каго з моцных дэмакратычных прэтэндэнтаў, якія б рэальна маглі б пазмагацца на выбарах з дзеючай уладай, вы маглі б назваць?
Аляксей Янукевіч: Мы лічым, што яны ёсць, але зараз называць прозвішчы не хацелася б. Крыху пачакаем…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя