Аляксей Янукевіч: Пацяпленне ў адносінах з Еўразвязам часовае



Намеснік старшыні Еўрапарламенту Рышард Чарнэцкі называе пераломным момантам у беларуска-еўрапейскіх дачыненнях візіт ў Менск дэлегацыі Еўрапарламенту, які пройдзе 18-19 чэрвеня. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначае, што перад прэзідэнцкімі выбарамі адносіны паміж афіцыйным Менскам і Бруселем выпраўляюцца, але гэта кароткатэрмінова:

– Важна, калі спадзяванні нашых партнёраў не спраўдзяцца, каб не адбылося расчаравання ў тым, што можна неяк уплываць на сітуацыі ў краіне, каб не махнулі рукой, не сказалі, што ў Беларусі ў чарговы раз усё страчана. Таму мы кажам: не майце ілюзіяў, рыхтуецеся да больш доўгатэрміновага сур’ёзнага заангажавання ў беларускіх справах.

Дэлегацыя Еўрапарламенту па справах Беларусі беспаспяхова ладзіла паездкі з місіяй ў Менск, калі старшынём дэлегацыі быў Яцэк Пратасевіч, і пазней, калі дэлегацыю узначальваў Філіп Качмарэк.

* * *

З двухдзённым візітам у Менск яшчэ на гэтым тыдні прыедзе дэлегацыя Еўрапарламенту ў справах Беларусі. Паводле намесніка старшыні Еўрапейскага парламенту Рышарда Чарнэцкага, шасціасабовая дэлегацыя правядзе сустрэчы як з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, так і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і лідарамі апазіцыйных партыі:

Візіт працягнецца два дні, у складзе дэлегацыі – чацьвёра палякаў, а таксама – былая міністр замежных спраў Латвіі, еўрадэпутат Сандра Калніетэ, якая знаходзіцца ў спісе неўязных у Расейскую Федэрацыю.

Прыгадаем, што доўгі час еўрадэпутаты не маглі наведаць Беларусь, паколькі не атрымлівалі афіцыйнага дазволу.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя