Аляксей Янукевіч: Пазітыўна ацэньваем прызначэнне ў парламент 2 незалежных дэпутатаў
Партыя БНФ ацэньвае выбары ў Палату прадстаўнікоў як несвабодныя, несумленныя і несправядлівыя, – заявіў на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Па яго словах, у БНФ цалкам згодныя з тымі ацэнкамі, якія ўжо былі агучаныя кампаніямі „Права выбару”, „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, місіяй назіральнікаў ад АБСЕ. „Улада чарговы раз скрала ў людзей права голасу, права мець сваіх прадстаўнікоў у заканадаўчым органе,” – падкрэсліў Аляксей Янукевіч.
– Кампанію кандыдатаў партыі БНФ мы ацэньваем пазітыўна. Лічым, што задачы, якія ставіліся, выкананыя. Мы моцна ўдзячныя кандыдатам партыі БНФ. Ва ўмовах абмежаваных сродкаў кандыдаты за свой кошт вымушаныя былі рабіць гэтую кампанію. Кандыдаты ад партыі БНФ падчас гэтай выбарчай кампаніі казалі не толькі пра нейкія сацыяльныя лакальныя праблемы, але і закраналі тыя важныя пытанні нацыянальнай бяспекі, неабходнасці змены геапалітычнага вектару развіцця краіны.
Аляксей Янукевіч сказаў, што партыя пазітыўна ацэньвае тое, што ў Паладу прадстаўннікоў прызначаны 2 незалежныя дэпутаты – ад Таварыства Беларускай мовы і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. „Гатовыя дзяліцца з імі законапраектамі, якія Партыя БНФ ужо распрацавала і распрацуе ў бліжэйшай будучыні. У першую чаргу ў сферы нацыянальнай бяспекі, эканомікі, сацыяльнай і культурнай палітыкі. Разлічваем на плённае супрацоўніцтва ў гэтым накірунку найперш з намесніцай старшыні ТБМ Аленай Анісім,” – сказаў Аляксей Янукевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя