Аляксей Янукевіч: Тэма правоў чалавека павінна гучаць



У Менск прылятае дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Напярэдадні амерыканскай дэлегацыі былі перададзеныя просьбы беларускай апазіцыі пра пэўныя тэмы, якія варта ўздымаць пры перамовах з прэзідэнтам Беларусі Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Макеем.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што актывісты, такія як блогер Зміцер Казлоў, палітыкі Алена Талстая, Павел Севярынец і іншыя былі адпушчаныя з ізалятараў раней за прысуджаны ім тэрмін акурат у сувязі з візітам Пампеа:

– Тое, што Павел Севярынец ды іншыя ўдзельнікі акцый пратэсту за якімі засталіся яшчэ прысуджаныя суткі, зараз на волі, я перакананы, што ўсё гэта звязана з візітам Пампеа. На вялікі жаль ёсць вялікая верагоднасць, што пасля яго адлёту судовыя пастановы будуць прыведзены ў выкананне і беларускія патрыёты зноў апынуцца за кратамі.

Самым важным зараз з’яўляецца нармалізацыя адносінаў са Злучанымі Штатамі, абмен амбасадарамі. Гэта дазволіць рэзка зменшыць ціск на Беларусь:

– Тэма правоў чалавека павінна гучаць, я перакананы яна будзе гучаць. Абмен амбасадарамі і супрацоўніцтва ў галіне бяспекі, у вайсковай галіне, эканамічнае супрацоўніцтва паміж злучанымі штатамі, я думаю гэта тое, што сапраўды патрэбна дзеля пэўнай нейтралізацыі ціску з боку Крамля. 

Майк Пампеа прыбывае ў Беларусь з Украіны, у якой знаходзіўся з візітам 31-га студзеня, а пасля Менску шлях дзяржсакратара ЗША будзе пралягаць у Казахстан.

Рэпартаж у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя