Аляксей Янукевіч: Трэба супрацьстаяць ідэалогіі „русского мира”



Асноўныя пагрозы і выклікі, якія стаяць перад Беларуссю і беларускай апазіцыяй у 2017 годзе, былі абмеркаваны на адбыўшамся ў Менску Сойме Партыі БНФ.

У размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам старшыня партыі Аляксей Янукевіч сказаў, што шмат увагі сябры Сойму надалі пытанню,  як супрацьстаяць агрэсіўнаму пранікненню ідэалогіі так званага „русского мира” ў Беларусь.

Аляксей Янукевіч: Мы бачым новую хвалю інфармацыйнай атакі на Беларусь. Мы бачым, што павялічваецца і актывізуецца дзейнасць прарасейскай, пракрамлёўскай „5 калоны”. Часта гэта адбываецца пры спрыянні пэўных дзяржаўных установаў. І гэтаму трэба супрацьстаяць, таму што такая дзейнасць падрывае незалежнасць Беларусі, наносіць шкоду і пагражае самому дзяржаўнаму суверэнітэту нашай краіны. Мы запланавалі шэраг зваротаў адносна ўсіх канкрэтных фактаў антыбеларускай актыўнасці так званага „русского мира” у Беларусі.  Такія звароты будуць падрыхтаваныя і накіраваныя ў дзяржаўныя установы: у пракуратуру, следчы камітэт, міністэрствы інфармацыі, адукацыі, культуры, абароны, у апарат упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, а таксама кіраўніцтву беларускага аддзялення расейскай  праваслаўнай царквы. Таму што, на жаль, шэраг выразна антыбеларускіх мерапрыемстваў адбываецца пры ўдзелі альбо пад эгідай прыходаў рускай праваслаўнай царквы ў нас, у Беларусі.

RR: Як ставіцца партыя да нядаўна прагучаўшых прапановаў падоўжыць прэзідэнцкі тэрмін да 7 гадоў?

Аляксей  Янукевіч: Мы лічым, што гэта цалкам сур’ёзныя захады, якія, найхутчэй рыхтуюцца на 2018 год. Найхутчэй разам з мясцовымі выбарамі як раз і будзе праведзены такі рэферэндум пра падаўжэнне тэрміну прэзідэнцтва. Магчыма, туды ж пакетам будуць падвярстаныя некаторыя пункты для „спажывання” на Захадзе, – дзеля таго, каб абазначыць нейкія сістэмныя змены і працягваць развіваць дыялог, мець магчымасць прыцягваць нейкія фінансавыя рэсурсы з Захаду. Такімі саступкамі, каб падсалодзіць пілюлю, можа быць мараторый на смяротнае пакаранне, гэта можа быць павелічэнне тэрміна і наданне нейкіх дадатковых паўнамоцтваў Палаце прадстаўнікоў, магчыма ўвядзенне змяшанай сістэмы выбараў. Такую верагоднасць мы ацэньваем вельмі сур’ёзна і будзем рыхтавацца не толькі да ўдзелу ў мясцовых выбарах у 2018 годзе, але і да ўдзелу ў кампаніі рэферэндуму, дзе, безумоўна, будзем агітаваць супраць павелічэння працягласці тэрмінаў і  прэзідэнта, і Палаты прадстаўнікоў. А таксама патэнцыйна мы павінны і будзем рыхтавацца ў 2017 годзе да магчымых новых парламенцкіх выбарх па змяшанай сістэме і да прэзідэнцкіх выбараў таксама ў 2018 годзе. У гэтым сэнсе 2017 год становіцца для нас вельмі важным падрыхтоўчым этапам. Да мясцовых выбараў мы ўжо пачалі падрыхтоўку.

RR: Як плануеце сваю дзейнасць падчас гэтых кампаніяў, у прыватнасці, падчас мясцовых выбараў? Будзеце дзейнічаць самастойна, як на сёлетніх парламенцкіх выбарах, ці ўсё ж паспрабуеце дамовіцца аб кааліцыйных дзеяннях з іншымі дэмакратычнымі партыямі і арганізацыямі?

Аляксей Янукевіч: Канчатковае рашэнне пра стратэгію ўдзелу ў выбарчых кампаніях у 2018 годзе будзе прынятае Соймам партыі ў студзені-лютым 2017 году. Аднак гэтае пытанне папярэдне ўжо абмяркоўвалася і ёсць моцная падтрымка таму самаму курсу, якім мы рухаемся ўжо фактычна амаль  2 гады – на  адбудову і ўмацаванне партыйнай структуры, на данясенне ўласнага партыйнага бачання развіцця Беларусі і пашырэння такога бачання сярод беларускіх грамадзянаў. То бок лінія на самастойную палітыку без уваходжання ў нейкія кааліцыі ці іншыя супольныя структуры. Магчыма, у фармаце назірання за выбарамі будзе нейкае супрацоўніцва, мы ад яго не адмаўляемся. Аднак у плане прасоўвання менавіта палітычнай платформы мы намераны ісці самастойна.

RR: Відавочна, што беларускія ўлады, паабяцаўшы заходнім партнерам лібералізацыю, змякчэнне рэпрэсій, не выконваюць дадзенага слова – рэпрэсіі працягваюцца.

Аляксей Янукевіч: Натуральна, на паседжанні Сойму мы не маглі не адзначыць тыя абуральныя факты працягу рэпрэсій у Беларусі. Гэта і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў публічных акцыяў, – як палітычных, так і культурніцкіх, гістарычных, мемарыяльных. У прыватнасці, адміністратыўны пераслед удзельнікаў адзначэння памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы. Пераслед і прысуд Эдуарду Пальчысу, суд над Уладзімірам Кондрусем, іншыя рэпрэсіўныя захады. Безумоўна, нас вельмі турбуе, што нягледзячы на ўсе гэтыя яўныя факты, працягваецца актыўны дыалог з Захадам. Таму чарговы раз мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці распрацаваць пакрокавую „дарожную мапу” пашырэння стасункаў з беларускімі ўладам, каб дыялог быў усё ж такі абумоўлены. Вельмі важна, каб адбываліся сістэмныя змены дзеля дэмакратыі, дзеля пашырэння свабоды тут, на Беларусі. Бо ў адваротным выпадку карысці для ўмацавання беларускай незалежнасці ад гэтага дыялогу будзе вельмі мала, або не будзе зусім.

RR: Прапануеце зноўку вярнуцца да спісу неўяздых у Еўразвяз, тых дзяржаўных чыноўнікаў, суддзяў, якія парушаюць прынцыпы дэмакратыі?

Аляксей Янукевіч: Мы лічым, што такі крок можа быць толькі крайняй мерай, якая наўрад ці дапаможа спрыяць нейкім дэмакратычным сістэмным зменам. Вельмі важна іншае. Вельмі важна, каб у Еўразвязе, у асобных краінах Еўрапейскага звязу была праведзена адпаведная праца дзеля вызначэння сваіх доўгатэрміновых прыярытэтаў пры дыялогу з беларускімі ўладамі. Вельмі важна, каб у гэтых прыярытэтах прысутнічалі сістэмныя змены на карысць свабоды і дэмакратыі. І вельмі важна, каб таксама было ясна прагаворана і прапісана, якія плюсы для беларускай эканомікі, для беларускага грамадства могуць атрыманыя, у тым ліку сённяшнімі беларускімі ўладамі, калі будуць адбывацца сістэмныя змены на карысць дэмакратыі. То бок кожны крок павінен быць ясна прапісаны – чаго Захад чакае ад беларускіх уладаў і які крок у адказ Захад канкрэтна будзе гатовы зрабіць. Як палітычныя, паўтаруся, крокі, так і фінансавыя. То бок, такая сістэма канкрэтных заахвочванняў магла б спрацавваць значна лепей у гэтай сітуацыі…

Таксама на паседжанні Сойма мы абмеркавалі вынікі існавання і дзеяння так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Мы адзначылі, што фактычна яна ператварылася ў шырму, парасон, пад якім адбываецца прасоўванне расейскіх шавіністычных ідэяў, фактычна імперскі рэванш у Беларусі. А калі заходзіць гаворка пра супрацоўніцтва на ўзроўні грамадскіх арганізацый, прыватных арганізацый альбо асобаў, то гэтая саюзная дзяржава не абараняе тут ні інтарэсы Беларусі, ні інтарэсы расейскіх грамадзянаў. Напрыклад, ксяндзу, грамадзяніну Расеі вельмі доўга адмаўляюць у правядзенні набажэнстваў  у Беларусі. І ніякай рэакцыі з боку адпаведных структураў саюзнай дзяржавы. Зусім свежы і абуральны выпадак, калі дырэктар футбольнага клубу „Тарпеда – Менск” быў высланы з Беларусі. Яму забаронены ўезд сюды на 5 гадоў фактычна толькі за тое, што ён адстойваў права заўзятараў клубу вывесіць сімволіку клубу на стадыёне. Мы лічым гэты факт абуральным і плануем звярнуцца і ў Беларускую федэрацыю футболу, і ў Міністэрства ўнутраных справаў з заклікам скасаваць гэтае недарэчнае рашэнне.

RR: Ці ёсць небяспека, што ціск Расеі на словах, віртальнае ўварванне „русского миру” можа ператварыцца ў рэальнае. Вядома, што ў наступным годзе ў Беларусі пройдуць буйныя  сумесныя ваенныя вучэнні. Расейская міністэрства абароны заказала больш 4 тысяч платформаў для перавозкі ваеннай тэхнікі. Ці ёсць небяспека, што рух гэтых платформаў будзе ў адзін бок. І тэхіка разам з абслугоўваючым персаналам застануццца тут?

Аляксей Янукевіч: Сапраўды, гэтыя вялікія вучэнні, запланаваныя  на тэрыторыі Беларусі з удзелам вялікай колькасці расейскіх вайскоўцаў, выклікаюць заклапочанасць. Мы выступаем за тое, каб гэтыя вучэнні былі скасаваныя. Так, ёсць сапраўды небяспека, хоць можа быць, і невялікая, што расейскія войскі, якія з’явяцца на беларускай тэрыторыі, будуць выкарыстаныя дзеля наўпроставага ціску на ўлады і грамадства нашай краіны з мэтай змусіць іх да пэўных канкрэтных дзеянняў у інтарэсах Расеі. Аднак нават калі гэтага і не адбудзецца, у любым выпадку, такія маштабныя вучэнні нагнятаюць міжнародную напружанасць вакол Беларусі. У іх Беларусь будзе выступаць у якасці патэнцыйнага ворагу нашых бліжэйшых суседзяў, нават калі гэта не прапісваецца адкрыта ў сцэнары вучэнняў. Відавочна, што гэта адказ на буйныя вучэнні НАТА ў Польшчы „Анаконда -2016”, якія адбыліся ў гэтым годзе. То бок, Расея імкнецца прадэманстраваць, што яна таксама можа канцэнтраваць у гэтым рэгіёне свае войскі, што яна можа з беларускай тэрыторыі таксама пагражаць краінам Балтыі і Польшчы, якія з’яўляюцца сябрамі НАТА. Для Беларусі гэта не нясе ніякай карысці і нашых інтарэсаў у гэтым няма. Таму мы выступаем супраць і будзем дамагацца таго, каб гэтыя вучэнні былі скасаваныя. Мы выступаем супраць таго, каб расейскія войскі ў любой колькасці, тым больш у такой вяліай, нават на ўмовах удзелу ў супольных вучэннях, знаходзіліся на беларускай зямлі, – падкрэсліў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя