Аляксей Янукевіч: Вялікае пытанне: хто зможа сабраць 100 тыс. подпісаў?



Беларуская апазіцыя дагэтуль не можа вызначыцца з фарматам удзелу ў выбарах. Усе ранейшыя перамовы ні да чаго не прывялі, няма надзеі і на тое, што адзіны кандыдат будзе вылучаны бліжэйшым часам, мяркуе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Беларускі палітык не выключае, што адзіны кандыдат можа з’явіцца ў выніку кампаніі збору подпісаў, бо не кожны будзе здольны заручыцца падтрымкай 100 тысяч беларускіх выбаршчыкаў.

– Можа быць адзіны кандыдат такім натуральным адборам атрымаецца, а можа і ніводнай кандыдатуры не атрымаецца, калі некалькімі калонамі апазіцыя пойдзе на збор подпісаў. Можа быць ніхто не здолее сабраць 100 тысяч подпісаў, гэта быў бы вельмі негатыўны сцэнар. На жаль, на сённяшні момант яго выключаць нельга, таму што калегам, шмат каму, усё ж такі бракуе адказнасці, бракуе разумення, што мы не знаходзімся ў 2006 ці ў 2010 годзе, сёння сапраўды кошт памылкі вельмі высокі.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі маюць прайсці не пазней за 15 лістапада. Цяперашні кіраўнік Беларусі фактычна пацьвердзіў, што будзе балатавацца на 5 тэрмін. Апазіцыя працуе над стварэннем ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам палітвязня Міколы Статкевіча.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя