Аляксей Янукевіч: Здаецца Лукашэнка „ударыў у хамут”



Галоўным пытаннем для Беларусі застаецца незалежнасць. Нягледзячы на завярэнні Лукашэнкі, што ён не возьме ключы ад куфра і не будзе апошнім прэзідэнтам Беларусі, веры яму няма.

„Госць Рацыі” намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

РР: Тэма незалежнасці застаецца актуальнай. Даціснуць Лукашэнку ці не даціснуць бліжэйшым часам?

– Я думаю, што бліжэйшым часам Аляксандр Лукашэнка будзе трымаць дыстанцыю ад Крамля. Ён здаецца, як кажуць „ударыў у хамут”. Тут бачна, што гэтыя спрэчкі вакол нафты, газу і іншых эканамічных пытанняў сёння вельмі вострыя паміж афіцыйным Менскам і Крамлём. Таксама мы не павінны лічыць, што Лукашэнка гарантуе незалежнасць. Тым больш мы не павінны спадзявацца на тое, што Крамлю зараз будзе не да Беларусі і яны будуць толькі свае ўнутраныя пытанні вырашаць. Як сведчыць гісторыя, унутраныя пытанні неаднаразова і вельмі часта Масква вырашае менавіта за кошт нейкай экспансіі . Тых, хто жадаў бы далучыць Беларусь, ці прынамсі ўзяць пад кантроль, вельмі багата ў Крамлі. Таму безумоўна нас чакаюць цяжкія часы, безумоўна ціск на Беларусь і на Лукашэнку будзе працягвацца. Пакуль мы бачым, што Лукашэнка адбіваецца, ён не хоча саступаць свой кантроль над усім што адбываецца ў Беларусі. Мы ведаем, што яму можа не так важная сама незалежнасць, а суверэнітэт улады. Нельга казаць пра тое, што няма небяспекі ў бліжэйшай будучыні, у гэтым ці наступным годзе. Я думаю, што зноў могуць паўстаць вельмі востра пытанні адзінства і адзінай валюты, больш шчыльнага вайсковага супрацоўніцтва, расейскіх вайсковых базаў у Беларусі. І пытанні сумесных візаў, то бок кантролю за знешняй палітыкай краіны. Гэта ўсё на парадку дня застаецца. Лукашэнка адбіваецца, але невядома наколькі высока будуць падымацца стаўкі ў гэтай гульні з аднаго і з іншага боку. 

РР: Ці можа быць так, што Лукашэнка надакучыць Расеі і на гэтыя выбары яны будуць рабіць стаўку на свайго чалавека?

– Калі б у іх былі магчымасці яго памяняць больш простымі шляхамі, яны б гэта ўжо зрабілі. Іншая справа, што ён моцна кантралюе сітуацыю ў краіне. Правесці такую аперацыю па замене, па ўсталяванні нейкай іншай, больш лаяльнай ці больш прагназаванай, ці больш прыемнай для Крамля асобы, ім не так проста. Думаю, што яны маглі б гэта зрабіць, але сапраўды вялікімі коштамі, якія яны сёння не гатовыя заплаціць за гэта. Таму найхутчэй яны будуць перад прэзідэнцкімі выбарамі праводзіць такую лінію на аслабленне Лукашэнкі, на стварэнне яму праблемаў, інфармацыйныя атакі, эканамічны шантаж ды іншыя рэчы са стандартнага набору Крамля. Але я думаю, што мэты правесці іншага чалавека да ўлады ў Беларусі на гэтых прэзідэнцкіх выбарах, яны сабе не ставяць. Найхутчэй яны разлічваюць максімальна аслабіць Лукашэнку цягам кампаніі. Калі атрымаецца, то заадно і дыскрэдытаваць нацыянальную апазіцыю праз розныя правакацыі ды інфармацыйныя каналы, каб па выніках з прэзідэнцкай кампаніі краіна выйшла аслабленая і адпаведна больш уражлівая на маскоўскі ціск. Я думаю, што менавіта такую задачу яны сабе будуць ставіць. 

РР: Ці існуе пагроза жыццю Аляксандра Лукашэнкі?

– Кожны чалавек ходзіць пад Богам і з кожным чалавекам можа здарыцца што заўгодна. Сапраўды Расея здольная, і яна гэта засведчыла, ужываць розныя метады. З іншага боку мы таксама ведаем, што ў Аляксандра Лукашэнкі вялікая ахова, якая здольнае не толькі разганяць мітынгі і сачыць за палітычнымі апанентамі. Я перакананы, хаця гэта закрытая інфармацыя, але можна меркаваць, што асабістая бяспека, у тым ліку што тычыцца харчавання, доступу нейкіх ненадзейных людзей да цела так бы мовіць, там захады не менш сур’ёзныя. Магчымы канешне любы сцэнар, але гэты сцэнар таксама я думаю вельмі складаны. Пытанне асабістай бяспекі Аляксандр Лукашэнка вельмі сур’ёзна прапрацоўваў бяспеку ад моманту, калі стаў прэзідэнтам. Не варта лічыць такі сцэнар вельмі лёгкім, што калі Лукашэнка не будзе надта згаворлівым з Масквой, то яны яго могуць ліквідаваць. Апроч таго, я думаю варта разумець, што на сённяшні момант прарасейскай палітычнай сілы ў Беларусі няма. Няма ніякай скансалідаванай прарасейскай групы ва ўладзе. Ёсць на жаль і ў сілавых структурах і не толькі відавочна прарасейскія асобы. Часам яны нават не хаваюць гэтага. Такая рызыка гэтай калоны існуе, разам з тым бачна, што яны не скансалідаваныя і ўяўляюць сабой пэўную, але і не з’яўляюцца сілай. Калі ўявіць, што сёння Лукашэнка знікне, то няма такой прарасейскай кантраляванай групы, якая б здолела перахапіць уладу. Відавочна, што калі адбудзецца раптоўнае змена ўлады, то будзе перыяд турбулентнасці. Тое, што такі доўгі час нацыянальная праеўрапейская апазіцыя знаходзіцца пад жорсткім ціскам і малыя рэсурсы, але ў сітуацыі, калі будзе няпэўнасць, то будуць шанцы і ў нас. Крэмль таксама гэта разумее. Я думаю, што ўсё ж такі сёння такі падыход, што Лукашэнка ім моцна не падабаецца, але нейкія базавыя інтарэсы Крамлю ён дазваляе рэалізоўваць. Беларусь застаецца ў АДКБ, Беларусь застаецца ў супольная сістэме супрацьпаветранай абароны, працягваецца дзяржаўная палітыка русіфікацыі, Расейская праваслаўная царкава працягвае знаходзіцца ў стане асаблівых стасункаў з дзяржавай. Па вялікім рахунку гэта задавальняе Крэмль. Думаю, што яны спадзяюцца на больш доўгую гульню, рана ці позна яны разлічваюць яго даціснуць.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя