Аляксея Навальнага даставілі ў Берлін
Аляксей Навальны знаходзіцца ў шпіталі ў Берліне. Раніцай расейскага апазіцыянера перавезлі з бальніцы ў Омску ў шпіталь у нямецкай сталіцы. Паводле назіральнікаў, стан Аляксея Навальнага падчас палёту быў стабільны. Пазаўчора раніцай Аляксей Навальны страціў прытомнасць у самалёце падчас вяртання з Томска ў Маскву. Праз некалькі дзясяткаў хвілін адбылася аварыйная пасадка ў Омску. Лідара расейскай апазіцыі даставілі ў мясцовую бальніцу ў рэанімацыю. Ён знаходзіцца ў коме, а яго жыццёва важныя функцыі падтрымлівае апаратура. Ён увесь час знаходзіцца пад апекай анестэзіёлагаў, якія ацэньваюць яго стан як цяжкі, але стабільны. Прэс-сакратар Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш заявіла, што апазіцыянер быў атручаны, а ў яго арганізме была выяўленая моцная атрута. У сваю чаргу, намеснік галоўнага лекара Омскай бальніцы Анатоль Калінічэнка заявіў, што атрута ў арганізме Навальнага не была выяўленая.
Сям’я і сябры не паверылі доктару і запатрабавалі дазволу перавезці апазіцыянера ў клініку Нямеччыны, якая сама прапанавала дапамогу. У Расеі за 20 гадоў кіравання Пуціна былі атручаныя некалькі апанэнтаў яго рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Газета.Ру