Альянс правых еўрапейскіх партый заявіў пра „новую эру” на кантыненце
Новы альянс еўрапейскіх правых папулістаў заявіў пра хуткія гістарычныя перамены на кантыненце. „Мы даем пачатак новай палітычнай эры”, – заявіў сустаршыня партыі „Альтэрнатыва для Германіі” Ёрг Мойтэн (Jörg Meuten), выступаючы 18 траўня перад тысячамі прыхільнікаў еўрапейскіх правых партый у Мілане.
Паводле словаў Мойтэна, Еўропу разбурылі „пагардлівыя тэхнакраты”. „Давайце скінем гэтыя эліты палітычнымі метадамі”, – заклікаў ён на мерапрыемстве, якое адбылося ў італійскім Мілане за тыдзень да выбараў у Еўрапарламент.
Са свайго боку старшыня нідэрляндскай партыі свабоды Герт Вілдэрс заявіў пра неабходнасць спыніць плынь імігрантаў у Еўропу. Брусельскія эліты „хочуць адняць у нас ідэнтычнасць і бяспеку, яны хочуць затапіць нас усё большай колькасцю мігрантаў”, сказаў ён. Лідарка французскага „Нацыянальнага аб’яднання” Марын Ле Пэн перад акцыяй заявіла, што новы альянс мае намер змагацца з таталітарызмам, глабалізацыяй і ісламізмам”.
Мерапрыемства яшчэ да пачатку было азмрочана палітычным скандалам у Аўстрыі, дзе старшыня правапапулісцкай Аўстрыйскай партыі свабоды Хайнц-Крысціян Штрахе быў змушаны пайсці ў адстаўку пасля публікацыі відэа, якое даказала яго супрацу з расейскімі алігархамі, блізкімі да Пуціна.
Каментуючы аўстрыйскі скандал, Мойтэн у Мілане заявіў, што не перастане падтрымліваць АПС з-за „адзінкавай справы”. Але увогуле, многія з цяперашніх еўрапейскіх партый, найперш з Заходняй Еўропы, якія называюць правапапулісцкімі і нацыяналістычнымі, заўважаны ў сімпатыях асабіста да Пуціна і цяперашняга расейскага палітычнага і эканамічнага рэжыму. Многія з іх мелі і маюць асабістыя кантакты з Пуціным і неаднаразова выказваліся ў яго падтрымку.
У акцыі, якая праходзіла перад знакамітым Міланскім саборам, удзельнічалі некалькі тысяч прыхільнікаў еўрапейскіх правых рухаў, а таксама каля дзесяці іх лідараў і галоўных кандыдатаў на выбарах у Еўрапарламент.
Правыя рухі і партыі з некалькіх еўрапейскіх краін плануюць стварыць у Еўрапарламенце новага склікання адзіную фракцыю. Пры тым у альянса няма адзінай праграмы, кожная партыя „праводзіць сваю нацыянальную кампанію і спрабуе атрымаць максімальна магчымую колькасць галасоў”, паведаміў раней Мойтэн. Паводле яго слоў, партыі новага альянсу выступаюць „супраць аднаполых шлюбаў і гендэрнага вар’яцтва”, а таксама за „жорсткія абмежаванні ў міграцыйнай палітыцы”.
У новую фракцыю маюць намер увайсці, апрача нямецкай АдГ, італійская „Ліга”, Дацкая народная партыя, партыя „Сапраўдныя фіны”, Аўстрыйская партыя свабоды, французскае „Нацыянальнае аб’яднанне”, а таксама эстонскія правыя. Паводле прагнозаў, альянс можа разлічваць на выбарах 26 траўня на каля 10% галасоў.
У цяперашнім складзе Еўрапарламенту праварадыкальная група „Еўропа нацый і свабод”, у якую ўваходзяць французскае „Нацыянальнае аб’яднанне”, італійская „Ліга” і іх саюзнікі, мае 37 дэпутацкіх мандатаў з 751. Аднак за апошнія пяць гадоў з часу папярэдніх выбараў у Еўрапарламент, папулярнасць правых партый у краінах Еўразвязу значна вырасла.
Беларускае Радыё Рацыя