Амаль 700 нелегальных мігрантаў не ўпусцілі ў ЕС з боку Беларусі за мінулыя выхадныя



Памежная служба Польшчы ў „Твітэры” паведаміла, што 18 верасня зафіксавалі 324 спробы незаконнага пранікнення з беларускай тэрыторыі, 19 верасня — 276 спроб. У суботу памежнікі не пусцілі ні аднаго нелегала, у нядзелю затрымалі 19 чалавек — грамадзян Сірыі (9), Ірана (6), Ірака (3), Конга (1).

Акрамя таго, за дапамогу ў нелегальным перасячэнні мяжы з боку Беларусі ў выхадныя затрымалі сем чалавек, у прыватнасці грамадзян Грузіі, Польшчы, Украіны (па 2) і Узбекістана (1).

Дзяржаўная памежная ахова Латвіі паведаміла, што 18 верасня былі спыненыя спробы незаконнага пераходу з боку Беларусі 40 замежнікаў, 19 верасня — васьмі. Нікога ў краіну не ўпусцілі і не затрымлівалі.

Адзначаецца, што з 10 жніўня, калі ў памежных з Беларуссю раёнах было ўведзенае надзвычайнае становішча, у Латвію не ўпусцілі 1.268 нелегальных мігрантаў. За гэты ж час 32 чалавекі былі прапушчаныя з гуманітарных прычын. Усяго з пачатку года ў краіне затрымалі 384 замежнікі, якія незаконна перасеклі мяжу.

Тэлерадыёкампанія LRT са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 18 верасня ў краіну не ўпусцілі каля 10, а 19-га — каля 50 нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Разам з тым у суботу, як паведамляецца, двух замежнікаў прапусцілі з гуманітарных прычын.

З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.

8 верасня прадстаўніцтва ЕС заявіла дэмарш Міністэрству замежных спраў Беларусі „ў сувязі з незаконнымі перасячэннямі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз”.

„Еўрапейская служба знешніх дзеянняў сцвярджае, што назіранае 50-разовае павелічэнне нерэгулярных пераходаў мяжы з Беларусі ў ЕС не з’яўляецца адлюстраваннем няздольнасці ўладаў Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў барацьбе з незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі, — гаварылася ў паведамленні на сайце прадстаўніцтва ЕС. — Для такога рэзкага росту колькасці нелегальных пераходаў мяжы на разгляданым маршруце няма аб’ектыўных прычын. ЕС асуджае выкарыстанне мігрантаў з палітычнымі мэтамі і настойліва заклікае ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку”.

У той жа дзень МЗС Беларусі выступіла з крытыкай дэмаршу. У знешнепалітычным ведамстве заявілі: „Спрабаваць сцвярджаць, што Беларусь нейкім чынам датычная да росту колькасці пераходаў мяжы, па меншай меры некампетэнтна і непрафесійна. Мы не маем нічога агульнага з сапраўднымі прычынамі росту патокаў міграцыі з праблемных рэгіёнаў. А вось краіны ЕС як удзельніцы вядомых кааліцый маюць да гэтага наўпроставае дачыненне”.

Разам з тым у МЗС адзначылі, што Беларусь „гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з ЕС” па міграцыйнай праблематыцы. „Мяжа для нас — заўсёды лінія супрацоўніцтва, а не рознагалоссяў”, — падкрэслілі ў міністэрстве.

БелаПАН