Амбасада ЗША абвінаваціла ўлады Беларусі ў двайных стандартах
Амбасада ЗША абвінаваціла ўлады Беларусі ў двайных стандартах у дачыненні да ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў.
„Сёння ўлады дазволілі мірным дэманстрантам, якія падтрымліваюць рэжым, сабрацца каля амбасады ЗША. Зноў вітаем мірны пратэст. Мірным дэманстрантам, якія выступаюць за дэмакратыю, трэба таксама забяспечыць права на свабоду сходаў без рэпрэсій. Двайныя стандарты кідаюцца ў вочы”, — падкрэсліваецца ў каментары дыпмісіі, размешчаным на яе старонцы ў „Фэйсбуку”.
Згодна з паведамленнем дзяржаўнага тэлеканала „Беларусь 1”, „адстаяць незалежнасць і асудзіць умяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі сабралася сёння моладзь каля амбасады ЗША”. „Дэканструктыў і нават замах на дзяржаўны лад выклікае ў юных грамадзян абурэнне. Асобна неабыякавыя патрыёты закранулі і тэмы палітызаваных санкцый з боку ЗША”, — гаворыцца ў паведамленні.