Амбасада ЗША заклікала ўлады Беларусі спыніць пераслед журналістаў
Амбасада ЗША ў Беларусі 29 жніўня выступiла з заявай, у якой заклікала ўлады Беларусі спыніць перасьлед і затрыманьне журналістаў, а таксама блякаваньне доступу ў iнтэрнэт.
„Мы занепакоеныя працягам перасьледу журналістаў, блякаваньнем незалежных СМІ і апазыцыйных вэб-сайтаў, пэрыядычнымі адключэньнямі iнтэрнэту і адвольнымі затрыманьнямі мірных грамадзян, якія рэалізуюць свае правы на свабоду сходаў і слова”, — гаворыцца ў заяве.
„Мы заклікаем урад Беларусі праявіць стрыманасьць. Як запэўніў намесьнік дзяржсакратара Біган падчас свайго выступу ў АБСЭ ў Вене і як мы ўжо заяўлялі раней, Злучаныя Штаты Амэрыкі заклікаюць да неадкладнага вызваленьня несправядліва затрыманых і высьвятленьня лёсу асобаў, зніклых бяз зьвестак”, — падкрэслівае пасольства.
„Мы падтрымліваем беларускі народ у яго імкненьні да дэмакратычнай, квітнеючай будучыні і падтрымліваем яго заклік да ўрада Беларусі правесьці дэмакратычныя рэформы і паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды. Мы прытрымліваемся нашага доўгатэрміновага абавязацельства падтрымліваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, а таксама імкненьне беларускага народа выбіраць сваіх лідэраў і выбіраць свой уласны шлях без зьнешняга ўмяшаньня”, — адзначаецца ў заяве