Амбасадар Беларусі ў Расеі Сямашка назваў новы лік інтэграцыйных “картаў”



Падпісанне «дарожных картаў» па інтэграцыі можа адбыцца ў верасні-кастрычніку, заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка.

Па яго словах, 26 з 28 картаў, якія трэба падпісаць, ужо «запарафіраваныя» юрыстамі з дзвюх краінаў (раней вялася гаворка пра 31 «карту»). «Засталіся дзве карты. Гэта будзе абмяркоўвацца на ўзроўні прэм’ер-міністраў у канцы чэрвеня на форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі. А дзесьці ў ліпені-жніўні будзе пасяджэнне ўраду саюзнай дзяржавы. Я меркаваў, што ў красавіку-траўні будуць падпісаныя тыя дзве карты. Але цяпер бачу, што зрух можа адбыцца на восень», — цытуе чыноўніка Інтэрфакс.

Сямашка адзначыў, што патрабуе дадатковага ўзгаднення «кааперацыя вытворчасці». Існуе шэраг расейскіх дакументаў, уключна з пастановамі ўраду, якія перашкаджаюць пастаўкам беларускай тэхнікі на расейскі рынак.

Пра неабходнасць «паглыбленай інтэграцыі» ў Маскве з новай сілай загаварылі ў 2019 годзе, калі Менск выказаў прэтэнзіі наконт цэнаўтварэння на энергарэсурсы. Тыя намеры выклікалі абурэнне беларусаў, якія выйшлі на вуліцу з пратэстамі.

Беларускае Радыё Рацыя