Амбасадар Беларусі: Візіт Лукашэнкі ў Латвію пакуль адкладзены
Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнка ў Латвію пакуль адкладзены, паведаміў амбасадар Беларусі ў Рызе Васіль Марковіч у інтэрв’ю латвійскаму расейскамоўнаму часопісу „Открытый город”. Тэкст інтэрв’ю апублікаваны 10 ліпеня на сайце МЗС Беларусі.
„Візіт рыхтуецца, але пакуль адкладзены: у вас былі выбары прэзідэнта, выбары ў Еўрапарламент, у нашага кіраўніка дзяржавы шчыльны графік. Але магу сказаць, што Аляксандр Рыгоравіч ставіцца да візіту вельмі прагматычна. Пад сустрэчу на вышэйшым узроўні павінны быць добрыя эканамічныя кантракты, якія сталі б дадатковым стымулам для развіцця нашых гандлёва-эканамічных адносінаў”, — адзначыў дыпламат.
Лукашэнку было перададзенае афіцыйнае запрашэнне наведаць Рыгу ў лютым 2018 года.
Пасол падкрэсліў зацікаўленасць беларускага боку ў выкарыстанні латвійскіх партоў для экспарту грузаў. „Ужо цяпер 7% загрузкі Рыжскага порта адбываецца за кошт нашых грузаў. А за сакавік—красавік Латвію наведалі столькі дэлегацый з Беларусі, колькі не было, напэўна, за пяць папярэдніх гадоў. Гэта кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, дзяржаўных канцэрнаў, зацікаўленых у працы з латвійскім бокам. Яны наведалі Вентспілс, Рыжскі порт, рэгіянальныя прадпрыемствы”, — сказаў ён.
Паводле слоў Маркавіча, гаворка ідзе аб праектах, „звязаных з інтарэсамі Беларускай калійнай кампаніі, Беларускай нафтавай кампаніі, з планамі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень”, з будаўніцтвам у нас новага цэлюлознага камбіната”.
„У нас праз паўтара года запускаюцца два новыя калійныя руднікі. Гэта 2 млн тон калійкі! Куды яна пойдзе? Ужо цяпер трэба пачынаць над гэтым працаваць, — лічыць дыпламат. — Літва не паглыне такую колькасць. Яна, магчыма, і хацела б, але мы ж бачым абмежаваныя магчымасці літоўскіх партоў. А ў вас гэтыя магчымасці ёсць”.
Марковіч пагадзіўся са сцвярджэннем журналіста пра тое, што Аляксандр Лукашэнка „цяпер адкрыта аддае перавагу Латвіі перад Літвой”. Пры гэтым ён лічыць, што гэта звязанае не толькі з крытыкай з боку афіцыйнага Вільнюса будаўніцтва БелАЭС. „На гэта ўплываюць перш за ўсё палітычныя адносіны. Чарговым разам хачу падзякаваць калегам з латвійскага МЗС за тую дапамогу, якую яны нам аказваюць ў працы з Еўразвязам, з Еўракамісіяй. З іх падтрымкай нам удаецца вырашаць многія пытанні”, — дадаў ён.
„Натуральна, нас кранае, з якім негатывам літоўскі бок ставіцца да будаўніцтва атамнай станцыі. Хоць мы прайшлі стрэс-тэсты, прычым на добраахвотнай аснове, у цесным супрацоўніцтве з МАГАТЭ і паводле стандартаў Еўрапейскага звяза, — працягнуў дыпламат. — Стрэс-тэсты пацвердзілі надзейнасць атамнай станцыі, якая будуецца. Мы будуем АЭС згодна з найноўшымі тэхналогіямі, пад наглядам МАГАТЭ. Мы самі перажылі чарнобыльскую катастрофу, і падазраваць нас у тым, што мы сябе ставім пад удар… Прапануем: калегі, давайце размаўляць, дыскутаваць, мы адкрытыя. Але пакуль гэта не атрымліваецца”.
„Вы ж ведаеце, Літва сама планавала пабудаваць атамную станцыю, проста мы апярэдзілі. Хоць Ігналінская АЭС была за 12 км ад мяжы з Беларуссю, дзе знаходзіцца наш курорт, нацыянальны парк „Браслаўскія азёры”. Тым не менш мы ахвотна куплялі іх электраэнергію і не ладзілі ніякіх пратэстаў. Тое ж самае мы зараз прапануем Літве і Латвіі: калегі, давайце будзем карыстацца разам нашай таннай электраэнергіяй. З Латвіяй, дарэчы, мы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы ядзернай бяспекі і радыяцыйнай абароны”, — падкрэсліў Марковіч.
Пасол таксама заявіў, што Беларусь гатовая поўнасцю адмяніць візы для замежных турыстаў, але „толькі на ўзаемнай аснове”. „Мы вядзем перамовы з Еўракамісіяй па спрашчэнні візавых працэдур, і гэтае пагадненне хутка будзе падпісанае. Але ўжо цяпер для грамадзян амаль 80 краін, якія прыбываюць у Менск цераз аэрапорт, адкрыты бязвізавы рэжым на 30 дзён. Многія, карыстаючыся гэтым, адпачываюць у нашых санаторыях. У тым ліку некаторыя паслы, якія працуюць у Латвіі. Зараз гаворка ідзе пра тое, каб гэты 30-дзённы бязвізавы ўезд дазволіць і для наземнага транспарту — чыгункі і аўтатранспарту”, — растлумачыў ён.
Марковіч паведаміў, што абмяркоўваецца ідэя запуску на час чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе цягніка-шатла, які звяжа Менск і Рыгу. „Каб гледачы маглі лёгка перасоўвацца, маючы толькі білет і пашпарт. Зараз гэтае пытанне абмяркоўваецца”, — удакладніў дыпламат.