Амбасадар Вялікабрытаніі Фіёна Гіб пакінула Беларусь
Амбасадар Вялікабрытаніі Фіёна Гіб 23 жніўня пакінула Беларусь у сувязі з заканчэннем яе дыпламатычнай місіі.
Яна ўзначальвала амбасаду ў Менску са студзеня 2016 года.
На сустрэчы з Гіб з нагоды яе ад’езду 7 жніўня Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў працу дыпламата ў Беларусі. „Тое, што зробленае за час вашага знаходжання і службы ў Беларусі, не было зробленае да гэтага часу нікім. Усімі пасламі Вялікабрытаніі не было зробленае. Таму я вам за гэта вельмі ўдзячны. Гэта шмат у чым дзякуючы вам. Я так лічу, і Міністэрства замежных спраў гэты пункт гледжання падтрымлівае. Толькі дзякуючы вашай актыўнасці, настойлівасці, адкрытасці, сумленнасці і справядлівасці, за якія вы заўсёды выступаеце (гэта таксама нам сугучна), можна было зрабіць тое, што было зробленае”, — сказаў Лукашэнка.
У той жа час ён заклікаў Вялікабрытанію інтэнсіфікаваць адносіны з Беларуссю, бо патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва, на яго думку, далёка не вычарпаны.
Гіб назвала сваю працу ў Беларусі „цікавай, пазітыўнай і паспяховай”. „Мне цяжка з’язджаць, — сказала яна ў нядаўнім інтэрв’ю БелаПАН.— Калі я прыехала, у мяне не было канкрэтных планаў, але тады, на мой погляд, наша ўвага была засяроджаная толькі на сферы правоў чалавека. І гэта, вядома, правільна — фіксаваць увагу на такой сферы. Але мне хацелася дадаць і іншыя акцэнты, іншыя кірункі ў нашых двухбаковых адносінах”.
Паводле яе ацэнкі, адносіны паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю „развіваюцца паступова”. „Вядома, застаюцца пытанні, па якіх у нас ёсць разыходжанні. Але ў цэлым я лічу, што нашы адносіны развіваюцца пазітыўна. Вядома, ёсць крытыка. Але дзе ў свеце вы бачылі адносіны паміж краінамі, у якіх не было б крытыкі адзін аднаго? Вядома, заўсёды ёсць нейкія прэтэнзіі. Але важна, каб у нас была магчымасць размаўляць адзін з адным і абмяркоўваць праблемы”, — падкрэсліла брытанскі дыпламат.
Гіб асабліва звярнула ўвагу на актывізацыю двухбаковых адносін у палітычнай сферы. Так, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей год таму наведаў Вялікабрытанію. „Гэта быў першы за 25 гадоў візіт кіраўніка беларускага МЗС у Лондан. Наш намеснік міністра замежных спраў сэр Алан Дункан у 2017 годзе пабываў у Беларусі. Гэта таксама быў першы падобны візіт пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Для мяне гэта знамянальныя падзеі”, — дадала яна.
Пераемніцай Фіёны Гіб на пасадзе кіраўніка прадстаўніцтва ў Беларусі стане кар’ерны дыпламат Жаклін Перкінс, прызначаная на гэтую пасаду ў чэрвені.