Амбасадар ЗША назвала бессаромнымі рэпрэсіі супраць беларусаў



«Тое, што рэжым Лукашэнкі зрабіў з народам Беларусі за апошні год, неймаверна і бессаромна», – заявіла пасол ЗША Джулі Фішэр падчас анлайн-сустрэчы з беларускімі журналістамі. Сустрэча адбылася з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы.

Пасол нагадала, што ЗША неаднаразова асуджалі рэжым Лукашэнкі за прымяненне рэпрэсій у дачыненні да ўласных грамадзян, уключаючы грамадскіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў. Паводле яе слоў, ЗША па-ранейшаму заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязняў і правесці свабодныя выбары.

Фішэр падкрэсліла, што ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць беларускі народ у яго дэмакратычных памкненнях, а свае дзеянні працягваюць каардынаваць з еўрапейскімі партнёрамі.

Беларускае Радыё Рацыя