Амбасадара Беларусі не запрашалі на ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру
Амбасадар Беларусі ў Швецыі Зміцер Мірончык не атрымліваў запрашэнне на ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру. Пацвярджэнне ад пасла Нарвегіі ў Польшчы Устэйна Бё было атрымана прадстаўнікамі дэмакратычных сіл сёння.
Пытанне аб удзеле беларускага амбасадара ў цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру ў Осла было закранута падчас нядаўніх перамоваў намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з нарвежскім дыпламатам.
«Амбасадар Нарвегіі запэўніў Паўла Латушку ў тым, што амбасадар рэжыму Зміцер Мірончык не атрымаў сёлета запрашэнне для ўдзелу ў цырымоніі», – гаворыцца ў паведамленні дэмсіл.
Нагадаем, летась паслоў Беларусі і Расеі не запрасілі на цырымонію ўручэння нобелеўскіх прэмій 10 снежня ў сувязі з уварваннем Расеі ва Украіну. Сёлета Нобелеўскі фонд заявіў, што змяняе падыход і запрашае ўсіх амбасадараў, каб данесці каштоўнасці Нобелеўскай прэміі нават да тых, хто іх не падзяляе. Рашэнне выклікала крытыку. 2 верасня Нобелеўскі фонд адмяніў сваё рашэнне аб запрашэнні ўсіх амбасадараў на нобелеўскія мерапрыемствы і заявіў, што сёлета на цырымонію ў Стакгольме 10 снежня не будуць запрошаныя амбасадары Беларусі, Расеі і Ірана. Аднак Нарвежскі нобелеўскі камітэт заявіў, што чакае на цырымоніі ў Осла паслоў усіх краін, акрэдытаваных у Нарвегіі.
Беларускае Радыё Рацыя