Амбасадара Беларусі ў Германіі выклікалі ў МЗС за выказванні Карпянкова
Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Павел Латушка накіраваў ліст дзяржсакратару Міністэрства замежных спраў Германіі Мігелю Бергеру з просьбай выказаць рэакцыю на заяву намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалая Карпянкова.
«Беларуская апазіцыя ўсё больш радыкалізуецца і ўсё больш падобная да шалёных сабак», — сказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. У інтэрв’ю СТВ ён заявіў, што не будзе абмяжоўваць падначаленых законам, калі гаворка ідзе пра дзеянні супраць беларускай апазіцыі. Такія людзі, на яго думку, «стаяць у адным шэрагу з міжнароднымі тэрарыстамі».
У адказе Мігель Бергер запэўніў Латушку, што МЗС Германіі «вельмі сур’ёзна ўспрыняло недапушчальныя выказванні Карпянкова». Амбасадара Беларусі Дзяніса Сідарэнку выклікалі ў знешнепалітычнае ведамства, дзе выразна давялі пазіцыю Германіі пра недапушчальнасць падобных заяваў. Германія будзе цвёрда стаяць на баку тых беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю, вяршэнства закону і выкананне правоў чалавека, падкрэсліў афіцыйны Берлін.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з відэа
