Амбасадара Польшчы выклікалі ў МЗС Украіны пасля словаў пра няўдзячнасць Кіева



Міністэрства замежных спраў Украіны ў аўторак, 1 жніўня, паведаміла пра выклік на размову польскага амбасадара ў Кіеве Барташа Ціхоцкага. Адзначаецца, што прычынай сталі нядаўнія выказванні Марціна Пшыдача, які ўзначальвае Бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзідэнта Польшчы.У сувязі з гэтым прыводзяцца словы Пшыдача пра тое, што ўкраінцы нібыта недастаткова ўдзячныя Варшаве за яе дапамогу Кіеву ў сувязі з ваенным уварваннем Расеі. У нядаўнім інтэрв’ю Марцін Пшыдач заявіў, што Украіне варта пачаць шанаваць спрыянне з боку Польшчы, у тым ліку дапамогу ў вырашэнні праблем, выкліканых блакіроўкай Расеяй экспарту ўкраінскага збожжа.

Офіс прэзідэнта Украіны назваў каментар Пшыдача беспадстаўным. Намеснік кіраўніка Офісу Андрэй Сібіга назваў словы польскага палітыка маніпуляцыйнымі і заявіў, што яны навязваюць польскаму грамадству меркаванне, што Украіна быццам бы не шануе падтрымку Польшчы ў барацьбе з расейскай агрэсіяй.