Амбасадарка Вялікабрытаніі заклікала расследаваць знікненні беларускіх палітыкаў



Уладам Беларусі прыйшоў час правесці бесстаронняе расследаванне знікненняў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага і аператара Дзмітрыя Завадскага. Пра гэта гаворыцца ў відэазаяве пасла Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёны Гіб з нагоды Міжнароднага дня ахвяр гвалтоўных знікненняў (30 жніўня).

Дыпламат адзначыла, што рабочая група ААН, якая разглядае пытанні, звязаныя з гвалтоўнымі і нядобраахвотнымі знікненнямі, цяпер працуе больш чым з 45 тысячамі спраў больш чым з 90 краін. „Вялікабрытанія не ўваходзіць у лік краін з гвалтоўнымі знікненнямі, а Беларусь, на жаль, уваходзіць”, — сказала яна, падкрэсліўшы, што сем’і і блізкія Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага дагэтуль не ведаюць пра тое, што з імі здарылася.

Рабочая група ААН, нагадала Гіб, зрабіла запыт аб наведванні Беларусі, але станоўчага адказу пакуль не было. „Той факт, што гэтыя знікненні не былі старанна расследаваны, з’яўляецца прычынай таго, што ЕС захоўвае санкцыі супраць чатырох беларускіх грамадзян, якія падазраюцца ў датычнасці да знікнення”, — сказала яна.

На думку пасла, беларускім уладам прыйшоў час шчыльна заняцца „гэтай сумнай сітуацыяй і прыняць неабходныя меры для правядзення поўнага і бесстаронняга расследавання”, а пры наяўнасці дастатковых доказаў прыцягнуць падазраваных да судовага разбору. Калі гэтага не будзе зроблена, падкрэсліла яна, выпадкі гвалтоўных знікненняў застануцца „плямай на рэпутацыі Беларусі перад абліччам тых, каму не абыякавае вяршэнства закона і справядлівасць, і не прынясуць заспакаення сем’ям зніклых людзей”.

7 мая 1999 года пры нявысветленых акалічнасцях у цэнтры Мінска знік генерал Юрый Захаранка. Сышоўшы ў апазіцыю, у 1998 годзе ён узначаліў камітэт па бяспецы „ценявога” ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта. Увайшоў у каманду экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.

16 верасня гэтага ж года бясследна зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі. Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што яны былі выкрадзены па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асоб краіны.

У 2000 годзе ў Беларусі бясследна знік тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. У 1994—1997 гадах ён працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым перайшоў на Грамадскае расійскае тэлебачанне (цяпер Першы канал). Раніцай 7 ліпеня Завадскі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

Цяпер пад дзеяннем візавых і эканамічных санкцый застаюцца чацвёра грамадзян Беларусі, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікненняў палітыкаў у 1999—2000 гадах: Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).

belapan.by