Амерыканскі студэнт памёр пасля вызвалення з турмы ў КНДР



Малады амерыканец памёр неўзабаве пасля таго, як выйшаў з турмы ў Паўночнай Карэі.

Фота: Kim Kwang Hyon / AP / Scanpix

22-гадовы Ота Уормбір быў вызвалены паўночнакарэйскімі ўладамі 13 чэрвеня. Яго эвакуявалі ў Злучаныя Штаты ў стане комы, у якую Уормбір трапіў вясной 2016 года. У ЗША ў яго зафіксавалі шырокую гібель клетак мозгу. Бацькі Уормбіра ўжо заявілі, што іх сын утрымліваўся ў жудасных умовах, якія не маюць нічога супольнага з правамі чалавека.

Па версіі ўладаў Паўночнай Карэі, Уормбір захварэў на батулізм, а потым трапіў у кому, прыняўшы снатворнае. У кому амэрыканскі студэнт трапіў неўзабаве пасля таго, як ў 2016 годзе яму далі 15 гадоў катаргі за крадзеж прапагандысцкага плаката ў гатэлі.