Amnesty International сочыць за справай Дзмітрыя Паліенкі
Міжнародная арганізацыя Amnesty International працягвае сачыць за справай Дзмітрыя Паліенкі, які ў мінулым годзе быў ёй названы вязнем сумлення. Нагадаем, што Паліенку неўзабаве будуць судзіць за нібыта распальванне варожасці ў дачыненні да міліцыянтаў, а таксама за распыленне пярцовага газу ў твар мужчыну на лесвічнай пляцоўцы – усяго 5 эпізодаў Крымінальнага кодэкса. Першы суд над Паліенкам прызначаўся на 25 верасня (і нечакана быў перанесены з-за хваробы суддзі) і анансаваўся як закрыты.
Прадстаўніца Amnesty International Айша Юнг з Велікабрытаніі выказала сваю занепакоенасць гэтым фактам:
– Мы бачым, што гэта палітычная справа. І ведаем, што супраць яго ёсць пяць абвінавачванняў. Чатыры з іх мы лічым нелегітымнымі. Пятае, з пярцовым балончыкам, калі ён яго і здзейсніў, не вельмі сур’ёзнае правапарушэнне. І мы вельмі моцна хвалюемся з-за таго, што суд закрыты.
Прызначаць закрытае судовае паседжанне над Паліенкам – гэта парушэнне яго права на справядлівы суд, адзначае Айша Юнг. Amnesty International налічвае каля 7 мільёнаў прыхільнікаў па ўсім свеце. Яе мэта ў тым ліку – спыненне парушэнняў правоў на свабоду сумлення і самавыяўлення.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск