Amnesty International: Улады паставілі пад пагрозу здароўе пажылых пратэстоўцаў



Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International задакументавала адвольныя арышты і факты жорсткага абыходжання з пажылымі людзьмі ў Беларусі, паведамляецца ў прэс-рэлізе арганізацыі.

„Беларускія ўлады паставілі пад пагрозу здароўе пажылых пратэстоўцаў, якім пагражае павышаная рызыка заражэння COVID-19, транспартуючы іх у перапоўненых міліцэйскіх аўтобусах і змяшчаючы ў перапоўненыя турэмныя камеры”, — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначае Amnesty International, многія пажылыя людзі ў Беларусі арганізавалі ўласныя маршы салідарнасці з мірнымі дэманстрантамі, вядомыя як Маршы мудрасці.

„Людзі ўсіх узростаў прынялі ўдзел у пратэстах супраць усё больш рэпрэсіўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Незалежна ад узросту пратэстоўцаў беларускія ўлады адказвалі на іх акцыі з аднолькавым гвалтам. Абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі было жахлівым паўсюдна, аднак жорсткае абыходжанне з людзьмі ва ўзросце 80 гадоў дэманструе ў поўнай меры, наколькі непрапарцыйнай была рэакцыя міліцыі”, — заявіла каардынатар кампаній Amnesty International па Беларусі Таццяна Маўшэвіч.

„Amnesty International сабрала інфармацыю аб пажылых людзях, якія пакутуюць на цяжкія хваробы, у тым ліку рак, хваробы сэрца і лёгкіх і якія зведалі жорсткае абыходжанне і адвольныя затрыманні на тэрмін да некалькіх тыдняў. Гэта выклікае асаблівую заклапочанасць з улікам таго, што для пажылых людзей існуе павышаная рызыка сур’ёзных ускладненняў ад COVID-19, пры тым што беларускія ўлады не распачалі адэкватных захадаў для мінімізацыі рызыкі заражэння сярод затрыманых”, — дадала яна.

Amnesty International працягвае глабальную кампанію салідарнасці #StandWithBelarus, якая распавядае, як падаўленне пратэстаў уплывае на розныя слаі беларускага грамадства.

„Мы заклікаем да салідарнасці з народам Беларусі, паколькі яго правы працягваюць сістэматычна парушацца”, — сказала Маўшэвіч.

„Каса дзяржаўных рэпрэсій у Беларусі сячэ ўсіх на сваім шляху — маладых і старых, мужчын і жанчын. Мы паўтараем наш заклік да сусветных лідараў прыняць значныя меры для абароны народа Беларусі і супрацьстаяць гэтай жахлівай атацы на правы чалавека”, — дадала яна.

belapan.by