Amnesty International заклікала дыпламатаў сачыць за падзеямі 25 сакавіка
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала дыпламатычныя місіі сачыць за падзеямі 25 сакавіка ў Беларусі і фіксаваць выпадкі парушэння правоў чалавека з боку сілавікоў падчас магчымых акцый пратэсту.
„Заявы ўладаў Беларусі напярэдадні дэманстрацый, запланаваных на 25 сакавіка (Дзень Волі), выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць у сувязі з тым, што міліцыя зноў адрэагуе жорсткім гвалтам, — гаворыцца ў заяве на сайце арганізацыі. — Паколькі многія журналісты, якія фіксуюць жорсткія дзеянні міліцыі ў Беларусі, апынуліся за кратамі, Amnesty International заклікае дыпламатычных прадстаўнікоў у краіне сачыць за пратэстамі і арганізоўваць стрымы, выкарыстоўваючы свой дыпламатычны імунітэт, каб выкрываць чаканы гвалт з боку міліцыі”.
Дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс заявіла, што беларускія ўлады „досыць ясна далі зразумець”, што яны „гатовыя і маюць намер ператварыць пратэсты на Дзень Волі ў чарговую арэну жахлівага гвалту, калі сутыкнуцца з пратэстамі, падобнымі да леташніх”. Апошнія восем месяцаў, паводле яе слоў, „беларускія ўлады стаялі на чале крызісу правоў чалавека, для якога характэрныя масавыя адвольныя затрыманні, заключэнне журналістаў, неправамернае прымяненне сілы падчас пратэстаў, катаванні і забойствы мірных дэманстрантаў”.
„Заклік ад уладаў Беларусі ясны: любая спроба рэалізаваць свае правы на свабоду мірных сходаў ці выказванне меркаванняў будзе бязлітасна задушаная, — сказала яна. — Свет не можа застацца ўбаку, сутыкнуўшыся з такімі пагрозамі. Сусветныя лідары павінны заклікаць сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў у Беларусі сачыць за пратэстамі 25 сакавіка і весці прамыя трансляцыі падзей. Міжнародныя прадстаўнікі могуць распавядаць пра падзеі, за распаўсюд інфармацыі з якіх беларускія журналісты трапілі за краты. Важна, каб парушэнні, што адбываюцца ў Беларусі, працягвалі выкрывацца”.
Ад імя арганізацыі Стразэрс таксама заклікала прадстаўнікоў міжнароднага бізнесу, які прадстаўлены ў Беларусі, „гарантаваць сваю недатычнасць да якіх-небудзь парушэнняў правоў чалавека з боку беларускіх уладаў у будучыні і прыняць канкрэтныя меры па зніжэнні любых падобных рызык”.
„Напрыклад, бізнесы, чые паслугі могуць выкарыстоўваць для абмежавання вольнага распаўсюду інфармацыі ў Беларусі, павінны зрабіць крокі для эфектыўнага прадухілення такіх парушэнняў, — адзначыла прадстаўнік праваабарончай арганізацыі. — Калі тэлекамунікацыйныя кампаніі не могуць прадухіліць адключэнне інтэрнэту або мабільнай сувязі, ім варта па магчымасці змякчыць негатыўныя наступствы, напрыклад, загадзя паведаміць карыстальнікам, абмежаваць працягласць і вобласць парушэння сувязі, а таксама знайсці спосабы знізіць наступствы для найбольш уразлівых і важных службаў, напрыклад, бальніц”.
„Салідарнасць з беларускім народам патрабуе рашучых і мэтанакіраваных дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці”, — дадала яна.
У заяве гаворыцца, што актывісты Amnesty International 25 сакавіка правядуць акцыі пратэсту ля беларускіх пасольстваў па ўсім свеце і выкажуць салідарнасць з мірнымі дэманстрантамі ў Беларусі.
25 сакавіка дэмакратычная грамадскасць традыцыйна адзначае Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.