Анаіс Марэн: Цяжкае становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася
Спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн заклікала міжнародную супольнасць пільна сачыць за сітуацыяй у Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Як паведамляе сайт упраўлення вярхоўнага камісара ААН, Анаіс Марэн, прадстаўляючы 10 ліпеня ў Жэневе штогадовы даклад Савета па правах чалавека, падкрэсліла, што «за апошні год і без таго цяжкае становішча з правамі чалавека яшчэ больш пагоршылася».
У прадстаўленым дакладзе аналізуецца становішча ў галіне грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі ў перыяд з 1 красавіка 2019 года па 31 сакавіка 2020-га.
«На жаль, у 2019–2020 гадах не было якіх-небудзь сур’ёзных паляпшэнняў у галіне нарматыўна-прававой абароны правоў чалавека ў Беларусі, – адзначыла Марэн. – Паколькі практычна нічога не было зроблена для выканання рэкамендацый, прадстаўленых у папярэдніх дакладах, сістэмныя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека захоўваюцца як у заканадаўстве, так і на практыцы».
Спецдакладчык нагадала, што Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года, балатуецца ў прэзідэнты ўжо шосты раз. Марэн занепакоеная тым, што «ўрад выкарыстоўвае абмежавальныя законы і адвольныя адміністрацыйныя і судовыя меры для пакарання іншадумства».
«Грамадскія і палітычныя актывісты, праваабаронцы, журналісты, блогеры і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці неаднаразова пераследаваліся і запалохваліся, і многія былі арыштаваныя, спрабуючы рэалізаваць свае правы на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў», – гаворыцца ў дакладзе.
Разам тым, адзначыла Марэн, «без падтрымкі ўрада ці пэўнай нацыянальнай праваабарончай установы беларусам будзе цяжка рэалізаваць свае эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы». «Для ўразлівых груп, такіх як жанчыны, людзі з інваліднасцю, людзі з ВІЧ, – сітуацыя яшчэ больш складаная», – гаворыцца ў дакладзе.
«Меншасці, прадстаўнікі ЛГБТ і семʼі затрыманых адчуваюць стыгматызацыю, у той час як закона аб барацьбе з дыскрымінацыяй, які б іх абараняў, не існуе», – падкрэсліла Марэн.
Спецдакладчык выказала занепакоенасць «з нагоды даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі ў месцах пазбаўлення волі падчас пандэміі COVID-19, асабліва для дзяцей, якія адбываюць непамерна працяглыя тэрміны турэмнага зняволення за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі».
Яна таксама адзначыла, што «беларускамоўнае насельніцтва зведвае дыскрымінацыю ў сферы вышэйшай і сярэдняй адукацыі і ў сродках масавай інфармацыі». «Гэта не толькі пагражае захаванню мовы, але і абмяжоўвае культурнае жыццё ў краіне», – дадала Марэн.
Спецдакладчык нагадала, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая прымяняе і ажыццяўляе смяротнае пакаранне. «Я шкадую, што ў Беларусі дагэтуль не ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне, і я занепакоеная адсутнасцю намаганняў па барацьбе з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем», – падкрэсліла Марэн.
Яна рэкамендавала Савету па правах чалавека ААН працягнуць мандат спецдакладчыка па Беларусі, бо гэта «дае магчымасць прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці быць пачутымі». Анаіс Марэн таксама падкрэсліла: нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі не прызнаюць яe мандат, яна гатовая да канструктыўнага дыялогу з урадам.
Францужанка Анаіс Марэн была прызначаная спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі ў 2018 годзе.