Анаіс Марын – новы спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі



Францужанка Анаіс Марын прызначана на пасаду спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце Рады ААН па правах чалавека.

Рашэнне пра прызначэнне спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі было прынятае 28 верасня ў Жэневе.

Разам з Анаіс Марын на пасаду спецдакладчыка ААН  таксама прэтэндавалі яшчэ 7 чалавек: Штэйнар Гіл (Нарвегія), Сатвіндар Джас і Эндру Уілсан (абодва Вялікабрытанія), Валеры Мажы (Францыя), Петрэ Роман (Румынія), Даніэль Меконнен (Эрытрэя), Джон Джозэф Раян (Ірляндыя).

Напомнім, што зараз пасаду спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі займае венгр Міклаш Харасці. Ён будзе на ёй да канца кастрычніка.

Рада ААН па правах чалавека 5 ліпеня прыняла рэзалюцыю, у якой падоўжыла мандат спецдакладчыка па Беларусі яшчэ на год. МЗС Беларусі не прызнае і адпрэчвае гэты дакумент.

25 чэрвеня бягучага года на сесіі ў Жэневе Міклаш харасці прадставіў даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Сутнасць гэтага даклада палягае ў тым, што ў Беларусі па-ранейшаму захоўваецца „сітуацыя здушэння правоў і свабодаў грамадзян”.

Беларускае Радыё Рацыя