Аналітык: Будучыня Беларусі непрадказальная
Дыпламатычны скандал паміж Беларуссю і краінамі-суседкамі Літвой і Польшчай, ставіць уладу Лукашэнкі ў яшчэ большую арбіту імперскіх планаў Расеі. Санкцыі супраць чыноўнікаў закранулі глыбінныя стаўленні да Беларусі іншых краінаў, у тым ліку – суседкаў. Хто ж вінаваты ў абвастрэнні стасункаў Беларусь-Захад? У канчатковым выніку – гэта дрэнна паўплывае на жыццё простых беларусаў, эканоміку, мяркуе палітык, публіцыст Сяргей Высоцкі:
– Адсутнасць еўрапейскіх крэдытаў і немажлівасць іх атрымаць беларускім бізнесам, і калі старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен кажа, што яна вельмі шчаслівая, што нарэшце адкрытая дарога для санкцый у дачыненні да чыноўнікаў і сілавікоў, якія парушылі правы людзей, гэта выклікае вялікія пытанні. Чаму ж не было такога шчасця, калі яны ўводзілі санкцыі супраць пуцінскай Расеі за злачынствы непараўнальныя, несупастаўляльныя з тым, што робіць цяперашняя ўлада Беларусі, і з якой радасцю яны адкручваюць назад гэтыя санкцыі.
Беларускія патрыятычныя сілы ў выніку палітычнай гульні сталіся ахвярай у гамбіце для Еўразвязу, зрабіўшы стаўку на новыя, тры месяцы таму яшчэ невядомыя сілы на палітычным полі краіны. Кажа Рыгор Кастусёў, лідар партыі БНФ:
-У кіраўнікоў заходніх краін ёсць нейкая боязь перад Крамлём. Вось гэтая боязь і імкненне залагодзіць Крэмль і складваецца ў тое, што многія палітыкі заходніх краінаў схіляюцца больш да людзей з новай палітычнай плыні. Пры гэтым забываючы пра свае абавязальніцтвы, напрыклад, пра Будапешцкі мемарандум, пра іншыя дамовы сваіх краінаў з Беларуссю. Забываючыся і пра абяцанні такім палітыкам як і я, у тым ліку, як Статкевіч ды іншыя, якія клапоцяцца пра незалежнасць краіны, якіх непакоіць менавіта такі стан развіцця падзеяў.
Цяпер адкрыта „скрыня пандоры”, – мяркуе Сяргей Высоцкі, – і будучыня Беларусі непрадказальная. Але, яшчэ не позна краінам Еўразвязу адкінуць пыху і звярнуцца да беларускай нацыянальнай эліты: Мілінкевіча, Кастусёва, Астроўскага, Пазьняка ды іншых, каб правесці супольныя кансультацыі для дзеянняў далей, каб была захаваная незалежная Беларусь.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nashaziamlia.org