Аналітык: Гэтыя сюжэты – як “чорная метка” беларускаму кіраўніцтву
“Будуць пакусваць Лукашэнку, але не факт што пачнецца інфармацыйная вайна на знішчэнне”, – прагназуе палітолаг.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў тым, што сутыкнуць беларусаў і расейцаў не атрымаецца, нягледзячы на асобныя спробы ў гэтым напрамку. Ён кажа пра пачатак інфармацыйнай атакі і прыгадвае асобныя матэрыялы на расейскіх тэлеканалах:
– Было пададзена нібыта ў нас нападаюць на рускіх людзей. Калі я прачытаў гэта, я тэрмінова даручыў разабрацца. Я разумею, што ўсялякія могуць быць выпадкі, трэба разабрацца. Аказваецца, там рускімі, як яны гавораць, і не пахла, гэта канфлікт двух беларусаў, прычым тут рускія. Нас не атрымаецца сутыкнуць – беларусаў з расіянамі.
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі кажа пра відавочную трывогу беларускага кіраўніка на фоне абвастрэння расейска-беларускіх стасункаў:
– Беларускае кіраўніцтва сапраўды ўспрывожылася, і тут, на версе, у высокіх кіроўных колах, разумеюць, што гэта такія сур’ёзныя званочкі ад Крамля. Таму што гэта расейскія федэральныя медыі, яны кіраваныя, і там выпадковых сюжэтаў не бывае. Гэта такая “чорная метка” беларускаму кіраўніцтву і прыкмета таго, што могуць узяцца па поўнай праграме.
Выступаючы ў Менску перад дыпламатамі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што інфармацыйныя атакі недапушчальныя і гэта можа прывесці да эскалацыі сітуацыі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя