Аналітык: Настроі людзей нават больш радыкальныя, чым у апазіцыі



Настроі людзей нават больш радыкальныя, чым апазіцыйных палітыкаў, – кажа аналітык Святлана Калінкіна, паводле якой, такую тэндэнцыю паказала хваля пратэстаў у Беларусі за адмену так званага „дэкрэта на дармаедства”. Колькасць людзей, якія выйшлі на вуліцы, ад некалькіх соцен да тысячы. Падчас акцый гучалі пераважна эканамічныя, але былі і палітычныя лозунгі. У некаторых гарадах людзі фактычна самаарганізаваліся. Хоць варта адзначыць, што і лідары апазіцыі ўхапілі хвалю пратэстаў, – працягвае Святлана Калінкіна.

– Яны часта выступаюць арганізатарамі такіх акцый. Але большасць тых, хто выходзіць на акцыі супраць „дармаедскага дэкрэту”, гэта ніякія не палітыкі. Гэта людзі, абураныя той сітуацыяй – жыццёвай, эканамічнай – у якой яны апынуліся. Калі Лукашэнка гэты дэкрэт адменіць, гэта будзе прыкладам таго, як трэба змагацца за свае правы. І я думаю, што адмена пакуль не адбылася галоўным чынам з-за гэтага – каб не даваць людзям нейкі алгарытм пераможных дзеянняў. 

На мой погляд, тое, што звычайныя людзі як, напрыклад, у Віцебску ці Берасці выйшлі самі, без палітыкаў, сведчыць пра тое, што настроі простых людзей часам нават больш радыкальныя, больш апазіцыйныя, чым у самых апазіцыйных актывістаў і тым больш партый. Людзі настроеныя вельмі негатыўна. 

На выходных адразу ў некалькіх гарадах Беларусі — Баранавічах, Бабруйску, Берасці і Віцебску — прайшлі масавыя акцыі супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Наша Ніва