Аналітык: Парадак дня дыктуе Пуцін, наступныя – краіны Балтыі
Вынікі саміту НАТА паказалі, што Уладзімір Пуцін па-ранейшаму дыктуе палітычны парадак дня расейскіх адносінаў з Захадам.
Пра гэта на сустрэчы ў Вашынгтоне з дэпутатам Паўлюсам Саўдаргасам і палітолагамі Лаўрынасам Кашчунасам і Лінасам Каялам сказаў кіраўнік міжнароднай няўрадавай арганізацыі Freedom House Дэвід Крэймер.
„Вынікі саміту НАТА расчаравалі, бо не было сур’ёзнага адказу на пытанне пра пагрозу з боку Расеі – сказаў Крэймер, які займаў высокую пасаду ў адміністрацыі былога прэзідэнта ЗША Джорджа Буша. Захаду не ўдалося дамовіцца пра пастаўкі зброі Украіне, а гэта – велізарная ваенная, маральная і палітычная памылка, адказнасць за якую ў першую чаргу нясе ЗША. Таму і сама сустрэча была няўдалай, паколькі Пуцін дыктаваў яе парадак дня”.
Паводле яго словаў, Захад, якому не хапае рашучасці да гэтага часу здольны толькі са спазненнем рэагаваць на прынятыя Крамлём рашэнні. „Я расчараваны тым, што ЗША не здольныя лідзіраваць, выцясняючы Расею з Украіны. Калі мы не спынім Пуціна на Украіне, то на чарзе балтыйскія краіны”, – папярэдзіў Крэймер.
У аналітыка непакой выклікае і разрозненасць краін ЕЗ у пытанні Расеі, а асабліва – спрыяльная для Крамля пазіцыя некаторых краін Цэнтральнай Еўропы.
„Славакія, Венгрыя, Балгарыя, Чэхія не здольныя вытрымаць ціск з боку Расеі. Грошы Крамля стварылі новыя лініі падзелу ў Еўропе, таму няма ніякіх натуральных усходніх, заходніх, паўночных і паўднёвых падзелаў. Няздольнасць дамовіцца становіцца падставай для марнавання часу. Увесь ЕЗ павінен усвядоміць, што ў аснове адносін з Расеяй ляжыць узаемазалежнасць: для Еўропы важныя пастаўкі газу, аднак Крэмль мае патрэбу ў пакупніку рэсурсаў. На жаль, ЕЗ не выкарыстоўвае гэтую ўзаемазалежнасць. Відавочна, што расейская і кітайская мадэлі кіравання дзяржавай распаўсюджваюцца, і Захаду не ўдаецца справіцца з гэтым выклікам”.
З іншага боку, Крэймер станоўча ацаніў прыняты на саміце НАТА пакет бяспекі для краін Балтыі, адзначыўшы, што падпісанае ў 1997 годзе пагадненне паміж НАТА і Расеяй – гэта ўсяго толькі палітычная дэкларацыя, а не юрыдычнае пагадненне.
Таму апеляцыя некаторых краін Еўропы да гэтага пагаднення як нагоды неразмяшчэння пастаянных баз НАТА ва Усходняй Еўропе неабгрунтаваная.