Аналітык: Расея не даравала б Беларусі галасавання за „крымскую рэзалюцыю”



Гэта антыўкраінская пазіцыя і мы павінны перагледзець нашы міждзяржаўныя адносіны. Так пракаментаваў дзеянні Беларусі падчас разгляду рэзалюцыі па парушэнні правоў чалавека ў Крыме на Трэцім камітэце ААН прадстаўнік Украіны ў гэтай арганізацыі Уладзімір Ельчанка. Напярэдадні Беларусь выступіла за зняцце з парадку дня разгляду рэзалюцый па сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме, Іране, Сірыі і на Кубе. Пазней пры галасаванні наконт «крымскай рэзалюцыі» Беларусь была сярод 23 краінаў, якія выступілі супраць рэзалюцыі.

Дзеянні Менску — гэта шматгадовая пазіцыя супраць разгляду рэзалюцый па асобных краінах на ўзроўні Генеральнай Асамблеі ААН, адзначыў былы супрацоўнік беларускага МЗС эксперт Цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч:

– Галасаванне Беларусі ў ААН выклікае эмацыйную рэакцыю найперш ва Украіне ды і ў Беларусі таксама, і трактуецца як падтрымка нашай краінай пазіцыі Расеі і антыўкраінская пазіцыя. Я б не стаў так проста падыходзіць да гэтага галасавання. Нагадаю, што 10 лістапада прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка тэлефанаваў Лукашэнку і прасіў падтрымаць украінскую пазіцыю па гэтай рэзалюцыі. Тым не менш, Беларусь прагаласавала як супраць украінскага праекта рэзалюцыі, так яшчэ і спрабавала працэдурна не дапусціць галасавання па гэтым праекце. Трэба адзначыць, што дадзены праект рэзалюцыі разглядаўся у адзін дзень і адзін час з іншымі праектамі: па сітуацыі з правамі чалавека ў Іране, Сірыі, на Кубе, а таксама ў КНДР. І Беларусь ужо даўно выступае супраць разгляду так званых “краінавых рэзалюцый” у рамках Генеральнай Асамблеі ААН. Беларусь кажа, што трэба разглядаць гэтыя пытанні ў Камітэце па правах чалавека, а на сесіі Генеральнай Асамблеі разглядаць пытанні ў агульным рэчышчы, а ні ў краінавам разрэзе.

Гэтая пазіцыя была занятая даўно, і яе падзяляюць вельмі многія краіны. Беларусь скарысталася такім падыходам, каб паказаць што мы галасуем не супраць канкрэтна ўкраінскага праекта рэзалюцыі, не па сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме, а супраць “краінавага падыходу”. І менавіта таму Беларусь на пачатку паседжання прапанавала не праводзіць галасавання і не разглядаць праекты рэзалюцый па “краінавах пытаннях”. І такі крок я б расцаніў як хітрасць з беларускага боку, і пасля галасаванне па кожным праекце рэзалюцыі па КНДР, па Іране, Сірыі, Кубе Беларусь галасавала супраць.  Тут Беларусь стварае сабе „алібі” – мы галасуем не супраць украінскай пазіцыі, не супраць асуджэння парушэння правоў чалавека ў Крыме, а супраць разгляду “краінавых” праектаў рэзалюцый.

РР: Але пры гэтым пасыл ва Украіну пайшоў адназначны. Палітыкі, актывісты крымскататарскага руху канкрэтна напісалі пра Беларусь. Наколькі, паводле вас, спробы гуляць на міжнароднай арэне могуць паўплываць на беларуска-ўкраінскія дачыненні?

Ігар Губарэвіч: Безумоўна, для Украіны гэта крыўдна. Але давайце будзем рэалістамі. Не трэба патрабаваць немагчымага на гэтым этапе ад уладаў Беларусі. Так, магчыма яны самі сябе паставілі ў такую сітуацыю, увязаўшыся ў такую цесную інтэграцыю з Расеяй і так узалежнілі сябе ў эканамічных, палітычных, ваенных пытаннях. Але чакаць сёння, каб улады Беларусі выступілі на баку Украіны па такім пытанні – гэтага патрабаваць немагчыма. Трэба разумець, што Расея гэтага не даравала б. І ў цяперашніх умовах урад Беларусі не можа так адкрыта выступіць у ААН супраць Расеі ў такім пытанні. Таму тое, што беларускі бок выкарыстоўвае пэўныя працэдурныя хітрыкі, каб абгрунтаваць сваю пазіцыю, гэта ўжо нейкі пасыл у бок Украіны, які, спадзяюся, украінскія ўлады зразумеюць.

А што тычыцца беларуска-ўкраінскіх адносін, то я не думаю, што гэтае галасаванне моцна на іх паўплывае.

РР: Большасць краін пры галасаванні па гэтай канкрэтнай украінскай рэзалюцыі ўстрымаліся. Што гэта азначае?

Ігар Губарэвіч: Пытанне складанае, не кансенсуснае. І, канешне, кожная дзяржава пры галасаванні выбірае сваю тактыку і зыходзіць са сваіх дачыненняў з іншыімі краінамі. Тое што многія дэлегацыі не галасавалі па гэтай рэзалюцыі ні “за” , ні “супраць” азначае, што многія не падтрымліваюць “краінавых рэзалюцый” увогуле. Яны таксама знайшлі для сябе нагоду – мы не галасуем супраць, бо усё ж такі падтрымліваем Украіну, мы не галасуем “за”, таму што мы не хочам пакрыўдзіць Расею. Мы ўстрымліваемся, таму што яшчэ лічым, што такія “краінавыя рэзалюцыі” карысці не даюць.

Напярэдадні большасьцю галасоў Трэці камітэт Генеральнай Асамблеі ААН прыняў рэзалюцыю, у якой упершыню назваў Расею «краінай-акупантам», і заклікаў забяспечыць выкананне правоў чалавека на тэрыторыі акупаваных Крыма і Севастопаля ў адпаведнасьці з міжнароднымі нормамі. За рэзалюцыю прагаласавалі 73 краіны, 76 краін устрымаліся, а 23 галасавалі супраць. У ліку апошніх акрамя Беларусі таксама Расея, Кітай, Індыя, Казахстан ды Арменія.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя