Аналітык: Перамовы ў Сочы – чарговы акт нацыянальнага прыніжэння



Як паведаміў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта, Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць у Сочы двухбаковыя адносіны і інтэграцыйныя пытанні.

lagvinec2Чаго чакаць ад сённяшніх перамоў паміж двума кіраўнікамі дзяржаў разважае палітычны аналітык Алесь Лагвінец:

РР: Мала інфармацыі пра гэтую сустрэчу, пра што варта было б пагаварыць двум кіраўнікам дзяржаў у святле сённяшніх падзей?

Алесь Лагвінец: Калі мы кажам пра кіраўніка Расеі і кіраўніка Беларусі, якія сустракаюцца як два партнёры, то варта было б паразмаўляць пра цывілізаваны фармат адносін. З пункту гледжання незалежнай Беларусі зараз адбываецца чарговы акт нацыянальнага прыніжэння. Лукашэнка сядзіць у Сочы і чакае магчымасці “урваць кавалак” – гэта недастойныя паводзіны кіраўніка дзяржавы. Лукашэнка рэгулярна туды прыязджае і гэта выглядае так, што ён выпрошвае нейкія падачкі ў Расеі.

З іншага боку, трэба прызнаць, што ў Лукашэнкі ёсць свае козыры, бо яны ўзаемазалежныя з Пуціным. Лукашэнку важна атрымаць хоць нейкія грошы ад Расеі, вымаліць чарговыя сродкі на падтрыманне эканамічнай сітуацыі на пэўным узроўні.

РР: Беларусь і Расея зацікаўленыя разам выпраўляць складаную эканамічную сітуацыю, якая зараз склалася?

Алесь Лагвінец: Яны ўвесь час кажуць, што гэты крызіс – вынік дзеяння вонкавых сілаў, а не ўнутранай палітыкі. Зразумела, калі мы кажам пра эканамічную мадэль, якую пабудаваў Лукашэнка, то яна без знешніх уліванняў няжыццяздольная. Тут наракаць на нейкія знешнія негатыўныя фактары, мне падаецца, празмерна. Таму Лукашэнка хапаецца за любую саломінку, а прыніжацца яму перад Расеяй не прывыкаць.

РР: Санкцыі ў дачыненні да Беларусі магчыма адменяць. У Лукашэнкі з’явілася надзея пазбавіцца еўрапейскіх санкцый, а Пуцін застаецца пад санкцыямі.

Алесь Лагвінец: Калі мы абстрагуемся ад унутранай беларускай сітуацыі, атрымліваецца, што магчыма ўпершыню ў нас адносіны з Захадам лепшыя, чым адносіны з Захадам у Масквы. І тут, зважаючы на тое, што Расея лічыць Беларусь сваёй вотчынай, у Беларусі з’яўляюцца новыя шанцы, незалежна ад таго, хто пры ўладзе. Беларусь у выніку своеасаблівай палітыкі Расеі, набыла крыху большую суб’ектнасць у нашым рэгіёне. І гэта важна. І таму, я думаю, Еўразвяз кіруецца якраз тым, думаючы пра магчымае зняццё санкцый, каб паказаць, што ў Беларусі ёсць месца ў рэгіёне, і даць Беларусі скарыстацца з тых магчымасцяў, з якіх сёння не можа скарыстацца Расея.

Сёння ў Сочы Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з Уладзімірам Пуціным.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя